Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 лютага 2017, 09:40

Творы Янкі Купалы на беларускай і французскай мовах гучалі ў Парыжы

20 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Творы Янкі Купалы на беларускай і французскай мовах гучалі напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ў пастаянным прадстаўніцтве Беларусі пры ЮНЕСКА ў Парыжы, паведамілі БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Францыі.

Літаратурны вечар-выстаўка "Завуся я толькi - Янка Купала" быў прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы. У час мерапрыемства пасол Беларусі ў Францыі, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЕСКА Павел Латушка падкрэсліў, што Янка Купала з'яўляецца прарокам беларускага адраджэння, а яго творчасць - важнай вяхой у развіцці беларускага літаратурнага слова, яна прадаўжае знаёміць свет з беларускай культурай. Пасол адзначыў сімвалічнасць правядзення гэтага вечара напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы.

Паводле слоў Паўла Латушкі, адзначаемае ў рамках ЮНЕСКА 500-годдзе беларускага кнігадрукавання сведчыць аб міжнародным прызнанні вялікага ўкладу Беларусі ў сусветную культурную спадчыну. У XXI стагоддзі не будзе больш значнай і сімвалічнай даты для гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, чым паўтысячагадовы юбілей кнігадрукавання.

Для дэманстрацыі ў час вечара пастаянным прадстаўніцтвам спецыяльна былі атрыманы франкамоўныя выданні, прысвечаныя Янку Купалу і Якубу Коласу, што знаходзяцца ў бібліятэцы штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы.

Перад гасцямі вечара таксама выступіла дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч, якая азнаёміла прысутных з дзейнасцю музея і экспазіцыяй. Прагучалі знакамітыя песні на словы Янкі Купалы ў выкананні выкладчыкаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Пасля афіцыйнай часткі арганізатары запрасілі гасцей на беларускія пачастункі.

Літаратурны вечар-выстаўка арганізаваны пастаянным прадстаўніцтвам Беларусі пры ЮНЕСКА, Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы і Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі. На мерапрыемстве прысутнічалі амаль 80 гасцей.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі