Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 снежня 2017, 12:59

Тры новыя музейныя аб'екты з'явяцца ў Брэсцкай крэпасці

11 снежня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсцкай крэпасці за кошт сродкаў Саюзнай дзяржавы будуць створаны тры новыя музейныя аб'екты, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар мемарыяльнага комплексу Рыгор Бысюк.

На рэалізацыю 16 мерапрыемстваў праекта "Капітальны рамонт, рэстаўрацыя і музеефікацыя збудаванняў Брэсцкай крэпасці ў МК "Брэсцкая крэпасць-герой" у 2018-2020 гадах плануецца накіраваць з бюджэту Саюзнай дзяржавы 319 млн 215 тыс. расійскіх рублёў. У прыватнасці, прадугледжваецца распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі, рамонтныя і рэстаўрацыйныя работы на аб'ектах крэпасці, кансервацыя руін і забеспячэнне бяспечнага доступу ў цытадэль (Цэнтральны востраў).

"Пасля рамонту прадугледжваецца стварэнне трох самастойных музейных аб'ектаў. Гэта экспазіцыі ў паўвежы паўднёва-ўсходняй казармы, якая будзе прысвечана гісторыі Брэсцкай крэпасці, а таксама Усходнім і Пятым фартах. Спадзяёмся, што новыя аб'екты прыцягнуць больш наведвальнікаў", - адзначыў Рыгор Бысюк.

У тым ліку сродкі будуць выдзелены на завяршэнне рамонту і кансервацыю руін казармы 333-га стралковага палка, капрамонт моста цераз раку Мухавец у раёне Музея абароны, дахаў паўднёвай і паўднёва-заходняй казарм. Таксама ў планах распрацоўка праектнай дакументацыі, капітальны рамонт і кансервацыя руін Белага палаца, інжынернага ўпраўлення, руін ля Холмскіх варот.

У бліжэйшы час у Брэсцкай крэпасці адкрыецца новая музейная экспазіцыя. Яе стварэнне прафінансавана ААТ "Газпрам трансгаз Беларусь", таксама выдзелены бюджэтныя сродкі. Выстаўка ў парахавым склепе адкрыецца 22 снежня. Наведвальнікі змогуць убачыць клуб 98-га працітанкавага артылерыйскага дывізіёна, якім ён быў у 1939-1941 гадах.

"Развіваемся, адкрываем для наведвальнікаў новыя эпізоды гісторыі Брэсцкай крэпасці. Госці змогуць прайсці па экспазіцыі, ходам склепа. На мой погляд, атрымаецца даволі цікава", - падкрэсліў дырэктар мемарыяльнага комплексу.

Брэсцкая крэпасць уваходзіць у спіс папулярных турыстычных аб'ектаў Беларусі. З пачатку года легендарную цытадэль наведалі больш за 350 тыс. чалавек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі