Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 сакавіка 2018, 12:33

Тэатральны форум "М@rt. кантакт" стаў сімвалам творчага пошуку - Чэрнік

22 сакавіка, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Міжнародны маладзёжны тэатральны форум "М@rt. кантакт" стаў сімвалам сапраўднага творчага пошуку і смелага мастацкага эксперымента. Аб гэтым заявіў 21 сакавіка на ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства начальнік галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы Міністэрства культуры Беларусі Васіль Чэрнік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Тэатральны форум па праву лічыцца адной з самых чаканых і цікавых культурных падзей у краіне, - адзначыў Васіль Чэрнік. - У гэтым мерапрыемстве плануецца паказ 22 спектакляў 21 тэатра з 8 краін свету. Будзе таксама прадстаўлена шырокая праграма творчых лабараторый, абмеркаванняў, круглых сталоў і іншых падзей, якія адыгрываюць важную ролю ў прафесійным жыцці майстроў тэатра".

Васіль Чэрнік таксама зачытаў прывітальны адрас форуму міністра культуры Юрыя Бондара, у якім выказана ўпэўненасць, што "М@rt. кантакт" стане той пляцоўкай, дзе атрымаюць пуцёўку ў жыццё арыгінальныя сцэнічныя праекты і адкрыюцца новыя імёны.

У сваю чаргу старшыня аргкамітэта форуму, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч адзначыў, што тэатральны форум стаў унікальнай падзеяй у культурнай прасторы Беларусі. Ужо 13-ы раз гэты творчы праект нязменна падкрэслівае высокую цікавасць гледача да сучаснага тэатральнага мастацтва, яго апошніх трэндаў і смелых эксперыментаў, у авангардзе якіх, як правіла, стаіць моладзь. Моладзь творчая і амбіцыйная, смелая і таленавітая, якая жадае далейшага творчага і прафесійнага росту. "І магілёўскія тэатральныя пляцоўкі пры падтрымцы ўдзячнай публікі гэты творчы рост для многіх забяспечваюць", - лічыць ён.

Асноўную праграму фестывалю адкрыў 21 сакавіка спектакль "Калодзеж" Мангістаўскага абласнога музычна-драматычнага тэатра імя Нурмухана Жантурына (г. Актау, Казахстан). Прадоўжылася свята тэатра на сцэне Магілёўскага драмтэатра паказам спектакля "Пустата" Цвярскога тэатра юнага гледача - тэатральны сітком паводле п'есы Максіма Чарныша (рэжысёр Талгат Баталаў), намініраваны на Нацыянальную тэатральную прэмію "Залатая маска" ў пяці намінацыях. У наступныя шэсць фестывальных дзён гледачоў чакае нямала цікавых работ самых розных форм і жанраў.

Першы фестываль прайшоў у 2006 годзе. За 12 гадоў форум стаў адной з самых значных і чаканых падзей не толькі ў Магілёве, але і на ўсёй тэатральнай прасторы Беларусі. За гады правядзення фестывалю было паказана 190 спектакляў з 20 краін, іх паглядзелі больш за 40 тыс. гледачоў. Заснавальнікамі форуму выступаюць Магілёўскі аблвыканкам, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама, Магілёўскі абласны драматычны тэатр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі