Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 верасня 2017, 16:58

"ТЭАРТ" прадстаўляе спектаклі, якія пашыраюць свядомасць, - арганізатары

21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "ТЭАРТ" прадстаўляе спектаклі, якія пашыраюць свядомасць, такое меркаванне выказала на прэс-канферэнцыі дырэктар Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ" Анжаліка Крашэўская, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

VII Міжнародны форум тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ" стартуе 27 верасня і пройдзе па 16 кастрычніка. Паводле слоў Анжалікі Крашэўскай, праграма сфарміравана з разнажанравых спектакляў для рознай публікі. "Важна, што гэта работы, якія пашыраюць свядомасць гледачоў, і яны не абавязкова павінны падабацца ўсім. Галоўнае, што прадастаўляе "ТЭАРТ" для гледачоў і прафесіяналаў, - магчымасць азнаёміцца з новым і цікавым, што з'яўляецца кожны год", - лічыць яна.

Анжаліка Крашэўская адзначыла, што колькасць спектакляў у праграме меншая, чым мінулыя гады, але гэта прыкметныя работы. І міжнародная, і беларуская фестывальная праграма знойдзе свайго гледача, упэўнена яна.

Асобным складнікам форуму стане "Школа "ТЭАРТа", праграма якой выходзіць за рамкі тэатральнай тэмы, звыклых творчых сустрэч і майстар-класаў. У час форуму 26 верасня адбудзецца беларуская прэм'ера фільма пра рускі балет "Паліна, станцаваць сваё жыццё", які зняў вядомы французскі харэограф Анжэлен Прэльжакаж у суаўтарстве са сваёй жонкай Валеры Мюлер. Перад паказам пройдзе творчая сустрэча з харэографам, Валеры Мюлер, а таксама актрысай, якая выканала галоўную ролю ў карціне, - балерынай Марыінскага тэатра Настассяй Шаўцовай. 27 верасня па ініцыятыве Анжэлена Прэльжакажа пройдзе кастынг для беларускіх прафесійна падрыхтаваных артыстаў для ўдзелу ў будучых праектах харэографа.

Як дадала кансультант упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Беларусі Кацярына Панамарова, Міжнародны форум тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ" з'яўляецца прыкметнай з'явай у культурным жыцці Беларусі і ведамства зацікаўлена ў яго далейшым развіцці. "Бо вельмі важна бачыць, як жыве і развіваецца тэатр іншых краін, каб рухацца і самому", - дадала яна.

У гэтым годзе "ТЭАРТ" пакажа 19 пастановак разнастайных жанраў і форм з васьмі краін свету: Беларусі, Латвіі, Францыі, Германіі, Італіі, Расіі, Славеніі і Кыргызстана. Фестываль складаецца з трох секцый: міжнароднай праграмы, праграмы Belarus Open і "Школы "ТЭАРТа", якая ўключае лекцыі, сустрэчы з рэжысёрамі, майстар-класы і іншыя адукацыйныя мерапрыемствы.

Фестываль пачнецца міжнароднай праграмай. Адкрые "ТЭАРТ" 27 верасня камедыя без слоў "Жаніцьба" Гогаля ў пастаноўцы Сяргея Зямлянскага. "Жаніцьба" - ужо другая работа рэжысёра ў Ліепайскім тэатры ў стылі wordless - была з захапленнем прынята латвійскай публікай, а тэатразнавец Эдзітэ Тышхейзерэ адзначае, што гэта "самая моцная пастаноўка ў Ліепайскім тэатры ў сезоне".

Часткай VII Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ" стане выстаўка фатаграфій Марыі Банэ, якая працуе ў сферы аналагавай фатаграфіі, пад назвай "Marionetta". Фотапраект нарадзіўся з назіранняў аўтара за лялечным мастацтвам. Работы экспануюцца ў мінскай галерэі "Арт-Беларусь" з 21 верасня па 21 кастрычніка.

Арганізатары Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ": Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн" і ААТ "Белгазпрамбанк", генеральны партнёр - ААТ "Газпрам трансгаз Беларусь". Форум праходзіць пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі і Мінгарвыканкама.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі