Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 сакавіка 2017, 13:30

Свята "Купалле" ў Александрыі набудзе міжнародны статус

23 сакавіка, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў"), якое пройдзе 8-9 ліпеня ў аграгарадку Александрыя (Шклоўскі раён) стане больш маштабнай і набудзе міжнародны статус. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Алена Баброва.

Падрыхтоўка да мерапрыемства, якое ўжо стала знакавым для Беларусі, ідзе поўным ходам. У гэтым годзе вырашана крыху змяніць канцэпцыю мерапрыемства, зрабіўшы яго больш крэатыўным, маштабным, пашырыць геаграфію гасцей і ўдзельнікаў. "Мы ставім перад сабой задачу, каб атрымалася свята, якое запомнілася б надоўга, было яркім, цікавым, насычаным на творчыя праекты і мерапрыемствы. Своеасаблівай адметнасцю і цэнтральнай падзеяй праекта на гэты раз стане міжнароднае эстрадна-цыркавое шоу "Купалле крочыць па планеце", фіналам якога будзе маштабны парад феерверкаў", - сказала субяседніца.

У якасці гасцей свята чакаюцца артысты, музыканты, майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з васьмі краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Эстоніі, Латвіі, Польшчы і Германіі. Так, вядомы нямецкі музыкант і грамадскі дзеяч Ціна Айсбрэнер выступіць у Александрыі з сольным канцэртам. Неабходна адзначыць, што ў Ціна асаблівае месца ў нямецкім грамадстве і на нямецкай музычнай сцэне. Ён яркі пацыфіст, удзельнік усіх антываенных акцый, якія праходзяць у Германіі. Цяпер яго "Песня аб міры" ўжо другі месяц утрымлівае вядучае месца ў хіт-парадзе адной з вядучых радыёстанцый Германіі. Яна таксама будзе выканана і ў час выступлення музыканта ў Беларусі.

У Александрыі гасцям будзе ўпершыню прадастаўлена магчымасць прыняць удзел у пазнавальнай квест-гульні "У пошуках кветкі папараці", якая дасць магчымасць прылучыцца да народных традыцый продкаў. Спецыяльны конкурс вызначыць пераможцу ў вырабе купальскіх вянкоў. На "Купалле" таксама запрошаны фальклорныя калектывы і майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва краін-суседзяў, якія азнаёмяць са сваімі абрадамі і пачастуюць нацыянальнымі стравамі. У праграме шмат відовішчных конкурсаў і прэзентацый, выставак і майстар-класаў. Як заўсёды на свяце будзе шмат смачнай ежы і напіткаў, для дзяцей - гульняў і забаў, для дарослых - захапляючых шоу, у тым ліку і паветранае з удзелам парашутыстаў.

Рэалізацыя білетаў на канцэртныя мерапрыемствы "Купалля" пачнецца з 1 красавіка. Іх можна будзе забраніраваць і набыць у касах Магілёўскай абласной філармоніі, а таксама з дапамогай інтэрнэта.

Гулянні традыцыйна пройдуць у жывапісным месцы на беразе Дняпра, каля моста, які злучае не толькі два населеныя пункты - Александрыю і Копысь, але і дзве вобласці - Магілёўскую і Віцебскую. Чакаецца, што ў гэтым годзе прыгожае беларускае свята наведаюць больш як 100 тыс. чалавек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі