Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 снежня 2017, 10:26

Спасцігнуць тайны палаца Румянцавых і Паскевічаў прапануюць на выстаўцы ў Гомелі

20 снежня, Гомель /Валерый Сідорчык - БЕЛТА/. Спасцігнуць тайны палаца Румянцавых і Паскевічаў прапануюць наведвальнікам выстаўкі ў Гомелі, якая будзе працаваць у музеі палаца 21-28 снежня, паведаміла БЕЛТА дырэктар музея Аксана Таропава.

Экспазіцыя ўключае чатыры ўмоўныя тэмы: палац, сям'я, фельдмаршал Іван Паскевіч, мастацкая спадчына. Тут прадстаўлены арыгінальныя прадметы з палацавага збору, антыкварыят з прыватных калекцый, копіі выяў прадметаў мастацтва, чарцяжоў, фотаздымкаў і партрэтаў, многія з якіх дэманструюцца ўпершыню. У ліку экспанатаў ёсць і арыгінальныя мастацкія творы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея і Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

Куратарам і аўтарам канцэпцыі выстаўкі "Спасцігаючы палацавыя тайны" з'яўляецца кандыдат мастацтвазнаўства загадчыца мастацкага аддзела музея Таццяна Ліцвінава, якая атрымала ў 2017 годзе грант Прэзідэнта Беларусі ў галіне культуры. Гэта выстаўка будзе яе своеасаблівай творчай справаздачай аб даследчай рабоце, якая была праведзена ў Год навукі.

Геаграфія пошуку новых звестак аб палацы была даволі шырокай. Напрыклад, даследчыца пабывала ў Варшаве, дзе чвэрць стагоддзя пражывала сям'я фельдмаршала Івана Паскевіча, былога намесніка імператара ў Царстве Польскім. На выстаўцы можна азнаёміцца з узорамі медальернага і графічнага мастацтва, створанымі ў Варшаве.

У Санкт-Пецярбургу ў фондах і архіве Дзяржаўнага Эрмітажа ўдалося знайсці падрабязнасці лёсу звязаных з палацам вялікіх мастацкіх калекцый, якія паступілі ў гэты музей пасля рэвалюцыі. Было выяўлена ўвогуле звыш 100 прадметаў гэтага збору.

У Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве захоўваюцца сямейныя пісьмы і альбом з фатаграфіямі. Копіі некалькіх з іх, а таксама выявы твораў мастацтва будуць прадстаўлены на выстаўцы. Гомельскі след удалося знайсці і ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве. Менавіта туды пасля Вялікай Айчыннай вайны з іншымі эвакуіраванымі з Гомеля рэчамі была перададзена грамата, што знаходзілася ў Сталінградзе, на званне пачэснага грамадзяніна горада Пешта, падораная фельдмаршалу ў 1849 годзе і паказаная на карціне Эртынгера, што захоўваецца ў гомельскім музеі.

У музеях Мінска пошукі праводзіліся па матэрыялах, якія маглі расказаць аб шматлікіх прадметах мастацтва, што былі перавезены з гомельскага палаца ў сталіцу ў перадваенны перыяд і ў 1963 годзе. Некаторыя з іх, што захаваліся да нашых дзён, таксама будуць прадстаўлены.

На выстаўцы можна будзе ўбачыць і копіі планаў палаца 1912 года, іншых каштоўных дакументальных і выяўленчых матэрыялаў, выяўленых у двух нацыянальных архівах Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі