Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
16 ліпеня 2018, 13:06

Славянскі базар ускалыхнулі "Рытмы лета"

16 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Любоў да куміраў і поўны драйв: "Славянскі базар у Віцебску" ўскалыхнулі "Рытмы лета", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Перш чым даць старт кіламетрам якаснай папулярнай музыкі вядучыя канцэрта Тэа і Вольга Рыжыкава праверылі, як шасцітысячная зала будзе сустракаць артыстаў, якія прывыклі ўжо да гарачых прыёмаў. Правы сектар, левы, цэнтр. Гучныя апладысменты пацвердзілі: Летні амфітэатр да прыёму дарагіх гасцей гатоў!

Аляксандр Хімчук, які першы выйшаў на сцэну (праект Estradarada) хутка пераканаўся ў тым, што "Вите надо в Витебск". Дадалі пазітыву група Luiku, Таяна, Ціна Караль, Вольга Палякова.

Не вытрымаў напалу пануючых эмоцый і спусціўся ў залу Арцём Півавараў. "Сёння асаблівы вечар, асаблівая музыка і самыя лепшыя гледачы!", - падкрэсліў ён.

Прадстаўнік Беларусі на Еўрабачанні ALEKSEEV (Мікіта Аляксееў) прызнаўся, што толькі ў Віцебску ўмеюць так любіць артыстаў, і выканаў свае лепшыя кампазіцыі.

"Апантаная радасць пануе на канцэрце! Для мяне вялікі гонар спяваць перад вамі!" - сказаў перад пачаткам свайго выступлення Аляксандр Панаётаў і, карыстаючыся выпадкам, перадаў з віцебскай сцэны, якая прыносіць усім артыстам поспех, прывітанне і віншаванні свайму настаўніку - Рыгору Лепсу, які 16 ліпеня адзначае дзень нараджэння. Шчодрая на эмоцыі віцебская публіка ў адказ адарыла артыста з унікальным, цудоўным, проста незвычайным голасам авацыямі. Верныя паклонніцы паднялі ўверх расцяжку з імем свайго куміра, каб ён не сумняваўся - тут яго любяць!

Яшчэ больш разгарэліся пачуцці пры выхадзе на сцэну Алега Вінніка. Падарыўшы любімаму артысту кветкі, адна з паклонніц пацікавілася, ці прывязе ён у Віцебск сольнік (станоўчы адказ не прымусіў сябе чакаць). Другая, прыехаўшая за сваім кумірам з Украіны, рупліва праз мікрафон запатрабавала ад гледачоў гарачага прыёму для свайго героя. Аднак зала не мела патрэбы ў падказках. Гучныя апладысменты суправаджалі кожную песню канцэрта, а ў прамежках паміж выступленнямі да артыстаў з кветкамі спяшаліся чэргі гледачоў.

Гарачае выступленне THE PARAKIT стала для гледачоў апошняй кропляй. Калі да гэтага прытанцоўвалі асобныя рады і галёрка, то на песні Save me паднялася ўся зала. І больш не села да канца канцэрта. Танцавалі ўсе: гледачы, журналісты, вядучыя.

Вішанькай на торце стаў Макс Барскіх. Куплет сваіх "Туманов" артыст не ўтрымаўся і праспяваў з юнай паклонніцай. На яе месцы хацелі быць многія.

У канцы амаль трохгадзіннай праграмы ва ўсіх гледачоў балелі далоні і ахрыплі галасы: нялёгкая гэта справа - адрывацца на канцэрце любімых артыстаў! Аднак у віцебскай публікі моцная загартоўка, бо "Славянскі базар" праходзіць 27-ы раз, а наперадзе яшчэ шмат цікавага.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі