Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 красавіка 2018, 18:38

Школьныя сачыненні па творах беларускіх пісьменнікаў плануюць аб'яднаць у кнігу

12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кнігу школьных сачыненняў па творах беларускіх пісьменнікаў плануецца выдаць па выніках конкурсу выдавецтва "Мастацкая літаратура", паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве інфармацыі.

Конкурс сачыненняў і малюнкаў па любімых творах беларускіх пісьменнікаў "Мастацкая літаратура" праходзіць у рамках рэспубліканскай акцыі "Культурны маршрут "Мая Беларусь: сучасныя пісьменнікі - дзецям". Сачыненні (водгукі, рэцэнзіі, замалёўкі, эсэ) і выявы могуць быць прысвечаны творам (альбо іх героям) як пісьменнікаў-класікаў, так і сучасных айчынных празаікаў і паэтаў. Удзел у конкурсе могуць прымаць школьнікі любога ўзросту. Па выніках конкурсу выдавецтва "Мастацкая літаратура" плануе выдаць кнігу, у якую ўвойдуць найбольш цікавыя і арыгінальныя сачыненні і малюнкі, а на працягу ўсяго перыяду яго правядзення яны будуць размешчаны на сайце выдавецтва, а таксама на старонцы "Мастацкай літаратуры" на Facebook. Свае работы можна дасылаць да 1 снежня па адрасе: выдавецтва "Мастацкая літаратура", пр-т Пераможцаў, 11, 220004, г. Мінск, альбо на электронны адрас: glavred@mastlit.by.

Мэта правядзення рэспубліканскай акцыі "Культурны маршрут "Мая Беларусь: сучасныя пісьменнікі - дзецям"- падтрымка развіцця беларускай мастацкай літаратуры і творчасці сучасных пісьменнікаў Беларусі, адраджэнне традыцый чытання, знаёмства дзяцей з сучаснай беларускай літаратурай. Акцыя праводзіцца Міністэрствам інфармацыі Беларусі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. Сярод арганізатараў акцыі - выдавецтва "Беларусь", "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі", "Мастацкая літаратура", "Народная асвета", выдавецкі дом "Звязда", ААТ "Белкніга", часопіс "Вясёлка", Саюз пісьменнікаў Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі