Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 лютага 2018, 18:07

Сербія стане пачэсным госцем на XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы

20 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сербія стане пачэсным госцем на XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы. Аб гэтым паведаміла начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Алена Паўлава на прэс-канферэнцыі ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гасцямі выстаўкі стануць чатыры сербскія пісьменнікі. Пройдуць творчыя сустрэчы з вядомым сербскім празаікам Горанам Петравічам, Даянай Лазаравіч - перакладчыцай на сербскую мову зборніка Максіма Багдановіча "Вянок", а таксама сербска-беларуская літаратурная сустрэча "Творчы і навуковы тандэм: Іван Чарота і Драган Лакічавіч". Таксама ў праграме ўдзелу Сербіі запланавана выстаўка Нацыянальнай бібліятэкі Сербіі "Сербская літаратура ў Першай сусветнай вайне".

Наведвальнікі выстаўкі-кірмашу змогуць азнаёміцца з кнігай Нэвены Вітошавіч-Чэкліч "Чырвоныя кветкі Косава поля", выданнем "Беларусы пра Сербію і Югаславію". Будуць прадстаўлены пераклад на рускую мову твораў св. Савы Сербскага "Студенички типик" і "Житие св. Сименона". Падборкі беларускай паэзіі можна будзе знайсці ў сербскім часопісе "Повелья". Таксама наведвальнікам выстаўкі прадставяць сербскія выпускі часопісаў "Маладосць", "Полымя", "Нёман" і газеты "Літаратура і мастацтва". У Доме дружбы адбудзецца вечар, прысвечаны сербскай літаратуры.

Беларускі бок таксама падрыхтаваўся да таго, што Сербія з'яўляецца ў гэтым годзе пачэсным госцем. На выстаўцы адбудзецца прэзентацыя кнігі прозы "Пясочны гадзіннік лёсу" і вершаў сербскіх паэтаў "Залаты воз".

Пачэснымі гасцямі выстаўкі ў розныя гады былі Расія, Украіна, Ізраіль, Казахстан, Францыя, Германія, Венесуэла, Кітай, Арменія, Вялікабрытанія.

XXV Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш пройдзе з 28 лютага па 4 сакавіка ў адміністрацыйным комплексе па праспекце Пераможцаў, 14. Уваход свабодны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі