Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
28 лістапада 2019, 16:16

Рэдкія кнігі рэлігійных праваслаўных дзеячаў Канстанціна і Мітрафана Зноскаў прэзентуюць у Брэсце

28 лістапада, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага сёння пройдзе круглы стол "Выдатныя дзеячы праваслаўнай гісторыі і культуры Брэстчыны і Беларусі: Канстанцін Зноска і Мітрафан Зноcка-Бароўскі", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі бібліятэкі.

Мерапрыемства прымеркавана да 1000-годдзя Брэста і прысвечана двум грамадскім і рэлігійным праваслаўным дзеячам - бацьку і сыну Канстанціну і Мітрафану Зноскам, іх укладу ў духоўную і культурна-гістарычную спадчыну Беларусі. Да ўдзелу запрошаны гісторыкі, прадстаўнікі духавенства і ўсе, хто цікавіцца гісторыяй горада і праваслаўя ў паўднёва-заходнім рэгіёне. Мадэратарам сустрэчы выступіць дацэнт кафедры гісторыі славянскіх народаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, кандыдат гістарычных навук, рэлігіязнавец Аляксандр Свірыд.

У праграме запланаваны выступленні пра брэсцкі перыяд жыцця і дзейнасці царкоўнага гісторыка, пісьменніка і гімнографа протаіерэя Канстанціна Зноскі і епіскапа РПЦ за мяжой, багаслова Мітрафана Зноскі-Бароўскага. Удзельнікі дыскусіі абмяркуюць міжнацыянальную і міжрэлігійную сітуацыю ў Брэсце і рэгіёне ў міжваенны і ваенны перыяды мінулага стагоддзя.

Супрацоўнікі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі прэзентуюць спецыяльна падрыхтаваную да круглага стала кніжную выставу, у якой сабраны матэрыял пра герояў сустрэчы - кнігі, публікацыі ў газетах і часопісах, а таксама працы свяшчэннікаў. У прыватнасці, будуць прадстаўлены такія рэдкія выданні, як "Гістарычны нарыс царкоўнай уніі" Канстанціна Зноскі, выдадзены ў 1923 годзе ў Варшаве, і кніга "Хроніка аднаго жыцця" Мітрафана Зноскі-Бароўскага, якая выйшла ў 1995 годзе ў Нью-Ёрку.

Таксама ўдзельнікі сустрэчы наведаюць магілу Канстанціна Зноскі, які пахаваны на Трышынскіх могілках у Брэсце.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі