Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
24 мая 2018, 16:55

Рэдкія архітэктурныя праекты прадставяць на выстаўцы ў Мінску

24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэдкія дакументы і матэрыялы з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі (БДАНТД) упершыню прадставяць на выстаўцы "Горад мары. Мінск у праектах вядомых архітэктараў", якая пройдзе з 25 мая да 24 чэрвеня ў Мінскай гарадской ратушы, паведамілі БЕЛТА арганізатары.

Самыя раннія праекты на выстаўцы будуць датаваны 1940-мі. У іх ліку праект забудовы Цэнтральнай (Кастрычніцкай) плошчы, эскіз музея Вялікай Айчыннай вайны і праект будынка музея Янкі Купалы. Будуць прадстаўлены праекты забудовы плошчы Свабоды, вуліц Ціміразева, Нямігі, Траецкага прадмесця. На выстаўцы можна будзе ўбачыць таксама праекты Палаца спорту, кінатэатраў.

"Планы, чарцяжы, эскізныя малюнкі, фатаграфіі праектаў для сталіцы, якія не былі рэалізаваны, дапамогуць наведвальнікам прадставіць альтэрнатыўны Мінск", - адзначылі арганізатары.

Выстаўка будзе прысвечана 50-годдзю Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі. У Мінскай гарадской ратушы 25 мая адбудзецца ўрачыстае святкаванне юбілею.

БДАНТД захоўвае рэтраспектыўную інфармацыю па гісторыі развіцця навукі, тэхнікі, архітэктуры і культуры, вядзе іх улік, арганізуе рэстаўрацыю, ажыццяўляе арганізацыйна-метадычнае кіраўніцтва дзейнасцю ведамасных архіваў. Іншых аналагічных устаноў на тэрыторыі Беларусі няма. Архіўная база дзяржархіва ўключае навукова-даследчыя, праектныя, канструктарска-тэхналагічныя арганізацыі, навукова-вытворчыя аб'яднанні. Акрамя таго, БДАНТД камплектуецца дакументамі асабістага паходжання вядомых прадстаўнікоў навукі, архітэктуры і тэхнікі. На 1 студзеня 2018 года архіў ўключае 303 фонды і 197 тыс. 626 адзінак захоўвання, у тым ліку 131 тыс. 293 адзінкі захоўвання навукова-тэхнічнай дакументацыі, 59 тыс. 868 - кіраўніцкай, 6 тыс. 465 - асабістага паходжання, 2 тыс. 835 - асабліва каштоўнай. Праектная дакументацыя прадстаўлена дакументамі буйнейшых праектных інстытутаў і аб'яднанняў краіны: "Белдзяржпраекта", "Белпрампраекта", "Белдзіпрадар", "Белдзіпрасельбуда", "Белрэстаўрацыі", "Мінскпраекта".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі