Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
25 лістапада 2015, 13:39

Праслухоўванне прэтэндэнтаў на ўдзел у "Еўрабачанні-2016" пройдзе на працягу двух дзён

25 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праслухоўванне прэтэндэнтаў на ўдзел у конкурсе "Еўрабачанне-2016" пройдзе на працягу двух дзён з-за вялікай колькасці заявак, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Колькасць заявак на нацыянальны адборачны тур міжнароднага песеннага конкурсу "Еўрабачанне-2016" складзе, як чакаецца, каля 100. У апошні дзень 21 лістапада было пададзена вельмі шмат заявак, якія, паводле інфармацыі пошты, яшчэ прадаўжаюць паступаць. Па гэтай прычыне прынята рашэнне аб арганізацыі праслухоўвання на працягу двух дзён.

"На праслухоўванне 26 лістапада запрошаны 60 выканаўцаў, астатніх музыкантаў прафесійнае журы мае намер пачуць 1 снежня", - расказала кіраўнік нацыянальнага адборачнага тура конкурсу "Еўрабачанне-2016" Вольга Шлягер.

Сярод прэтэндэнтаў - Віталь Карпанаў, ансамбль "Песняры", "Чысты голас", Валерыя Садоўская, Аляксей Грос, Ян Маерс, групы Napoli, "Правакацыя", Zombie band, "Аўра" і іншыя.

Да ўдзелу ў адборы ў якасці выканаўцы песні дапускаюцца грамадзяне Беларусі, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і на дату падачы заяўкі аб удзеле дасягнулі 16 гадоў.

Праект праводзіцца ў два этапы: праслухоўванне ўдзельнікаў і фінал. Да 2 снежня прафесійнае журы правядзе праслухоўванне ўдзельнікаў і вызначыць не больш як 15 выканаўцаў для ўдзелу ў фінале. Як і ў мінулым годзе ў час правядзення праслухоўвання будзе ажыццяўляцца анлайн-трансляцыя на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі.

Фінал праекта павінен адбыцца не пазней як 25 студзеня 2016 года ў фармаце тэлевізійнага канцэрта ў прамым эфіры.

Пераможцу нацыянальнага адбору вызначаць гледачы з дапамогай тэлефоннага і СМС-галасавання ў час трансляцыі фінальнага шоу. Ён і стане афіцыйным прадстаўніком Беларусі на "Еўрабачанні-2016", якое пройдзе ў Швецыі.

Арганізацыю нацыянальнага адбору "Еўрабачання-2016" ажыццяўляе Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў Беларусі член Еўрапейскага вяшчальнага саюза (ЕВС). Адбор праводзіцца ў адпаведнасці з Палажэннем і правіламі конкурсу, устаноўленымі ЕВС. Палажэнне аб правядзенні адбору размешчана на афіцыйным сайце медыяхолдынга tvr.by ў раздзеле "Праекты".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі