Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 красавіка 2018, 12:13

Праграма "Славянскага базару ў Віцебску" цалкам сфарміравана

11 красавіка, Віцебск /Алёна Ціханава - БЕЛТА/. Праграма XXVII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" цалкам сфарміравана. Аб гэтым паведаміў 10 красавіка журналістам генеральны дырэктар Цэнтра культуры "Віцебск", дырэктар міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" Аляксандр Сідарэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Праграма форуму апублікавана на афіцыйным сайце фестывалю. Тут ужо можна знайсці мерапрыемствы, якія пройдуць у канцэртнай зале "Віцебск", на сцэне НАДТ імя Якуба Коласа і тэатра "Лялька", а таксама ў Віцебскай абласной філармоніі і ў Летнім амфітэатры.

"Ідзе дапрацоўка апошніх дэталей. Праграма атрымалася яшчэ больш насычанай, чым у мінулым годзе. На галоўнай пляцоўцы фестывалю адбудзецца 19 канцэртаў. Ёсць тры дні, калі ў амфітэатры пройдзе па тры мерапрыемствы. Пры гэтым пляцоўка будзе працаваць практычна кругласутачна - рэпетыцыі адразу ж будуць змяняцца канцэртамі", - сказаў Аляксандр Сідарэнка.

Ён таксама паведаміў, што ўжо цалкам вызначаны склад удзельнікаў дарослага і дзіцячага вакальных конкурсаў. У кожным прыме ўдзел 21 чалавек.

Увесь дзіцячы музычны конкурс і паўфінал конкурсу выканаўцаў эстраднай песні пройдзе ў канцэртнай зале "Віцебск". На гэтай жа пляцоўцы адбудзецца гала-канцэрт майстроў Казахстана "Мастацтва вялікага стэпу", сваю праграму прадставіць Маскоўскі дзяржаўны акадэмічны тэатр танца "Гжэль", юбілейны канцэрт кампазітара Ігара Лучанка "І пакуль на зямлі існуе каханне", юбілейны канцэрт Сяргея Валчкова і два спектаклі з праграмы "Тэатральных сустрэч" форуму.

У цэлым аматараў тэатральнага мастацтва чакае нямала цікавага. Праграма "Тэатральныя сустрэчы-2018" уключае 10 спектакляў. Адзін з самых яркіх - "Аркестр мары. Медзь" Маскоўскага драматычнага тэатра імя Ярмолавай (рэжысёр Алег Меньшыкаў). Праект "Лялечны квартал" размесціцца на сцэне Беларускага тэатра "Лялька". У праграме 9 спектакляў для дзяцей і дарослых тэатраў з Беларусі, Расіі і Украіны.

У абласной філармоніі запланавана 5 канцэртаў. Тут выступяць Расійскі дзяржаўны акадэмічны камерны "Вівальдзі-аркестр", Маладзёжны беларуска-расійскі сімфанічны аркестр, ансамбль "Аліло" з Грузіі, адбудзецца гала-канцэрт майстроў мастацтваў Ізраіля і Шоу трох раяляў.

XXVII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 12 па 16 ліпеня. Дадатковыя мерапрыемствы запланаваны 7-11 і 17-18 ліпеня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі