Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
24 ліпеня 2019, 09:51

Праект "Купалаўскі адкрывае сэрцы" пачынае спектакль для дзяцей SOS-Дзіцячыя вёскі

24 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы напярэдадні сотага тэатральнага сезона пачынае дабрачынны праект "Купалаўскі адкрывае сэрцы". Ён стартаваў паказам спектакля "Пінская шляхта" рэжысёра Мікалая Пінігіна для дзяцей SOS-Дзіцячыя вёскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Праект "Купалаўскі адкрывае сэрцы" для студэнтаў і школьнікаў, шматдзетных і няпоўных сем'яў, дзяцей-інвалідаў, дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, накіраваны на адкрыццё сэрцаў юнакоў і дзяўчат культуры і мастацтву праз тэатральныя пастаноўкі, - расказалі ў тэатры. - Мы хочам стымуляваць моладзь на пазнанне беларускай культуры і тэатральнага мастацтва, што створыць перадумовы для іх далейшай творчай самарэалізацыі".

Паводле слоў гендырэктара SOS-Дзіцячыя вёскі Таццяны Буравай, ім было важна і радасна запрашэнне Купалаўскага тэатра. "У такія моманты разумееш, што мастацтва ў жыцці дзіцяці і сям'і дае не проста магчымасць дакрануцца да гісторыі Беларусі і даведацца пра традыцыі і культуру краіны, але і адчуць, што ты не адзінокі, што побач ёсць людзі, здольныя падарыць не толькі нешта матэрыяльнае, але і духоўнае, - сказала яна. - Вельмі важна, што мастацтва і дабрачыннасць ідуць побач, часам гэта нават важней, чым матэрыяльнае, і намнога каштоўней, таму што дае ўспаміны, якія будуць суправаджаць дзіця ва ўсім яго жыцці".

Першымі ўдзельнікамі дабрачыннага праекта "Купалаўскі адкрывае сэрцы" і гледачамі спектакля "Пінская шляхта" сталі 50 падлеткаў і маладых людзей, якія прыехалі з Мінска, Бараўлян і Мар'інай Горкі разам са сваімі SOS-мамамі, біялагічнымі або прыёмнымі бацькамі, а таксама самастойна.

"Наш праект - гэта, з аднаго боку, адукацыя праз культуру і тэатральнае мастацтва, а з другога, дабрачыннасць. І мы лічым, што гэтыя два фактары цудоўна спалучаюцца разам, - адзначыў гендырэктар тэатра Павел Латушка. - Праз акцыю мы адкрываем сэрцы нашых артыстаў, рэжысёраў, супрацоўнікаў тэатра для ўсіх школьнікаў, моладзі і дзяцей, якія маюць патрэбу ў дапамозе. А яшчэ ствараем дадатковую магчымасць пазнаёміцца з сучасным тэатральным мастацтвам Беларусі, што вельмі важна для нас напярэдадні стагадовага юбілею, які будзе адзначаць наш тэатр пачынаючы з верасня і на працягу ўсяго сезона".

Дырэктар тэатра выказаў надзею, што да дабрачыннага праекта, які падтрымліваюць velcom | A1, "Белдзяржстрах", "Белэксімгарант", далучацца і іншыя партнёры. "Мы плануем, што акцыя будзе мець рэгулярны штомесячны характар, але гэта залежыць ад фінансавай дапамогі партнёраў, - заўважыў ён. - Важна выхаванне моладзі ў падлеткавым узросце, калі фарміруецца разуменне грамадства, дзяржавы і дзяржаўнасці. Будзе нядрэнна, калі дзеці змогуць адчуць атмасферу Купалаўскага тэатра, дзе пануюць творчасць і натхненне, што, магчыма, заахвоціць і іх стаць акцёрам або рэжысёрам".

Павел Латушка таксама расказаў аб намеры стварыць тэатральную школу пры Купалаўскім для дадатковай магчымасці тэатральнай адукацыі юных беларусаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі