Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 сакавіка 2018, 18:40

Прадстаўлены лагатып і слоган дзіцячага "Еўрабачання-2018"

19 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Лагатып і слоган міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018" прадстаўлены ў тэлеэфіры канала "Беларусь 1" 18 сакавіка, паведамляе БЕЛТА.

У канцы 2017 года быў аб'яўлены адкрыты конкурс распрацоўкі сімволікі дзіцячага "Еўрабачання-2018". На конкурс паступіла больш за 300 электронных і паштовых пісем з розных краін. Усе жадаючыя маглі прапанаваць для песеннага еўрапейскага форуму ўласныя праекты па дызайне лагатыпа, а таксама яркі дэвіз на англійскай мове. Самыя арыгінальныя ідэі былі адпраўлены ў Еўрапейскі вяшчальны саюз (ЕВС), які вызначыў лепшую работу.

Пераможцам конкурсу стаў дызайнер Максім Букас. Ён зашыфраваў у сваім малюнку мноства пасланняў для паклоннікаў "Еўрабачання". Адданы фанат конкурсу ўбачыў сімвал 16-га дзіцячага шоу ў форме ўзыходзячай зоркі. Выканаў яе з вертыкальна перавернутых гукавых хваль у стылістыцы вышыванкі. "Гэтак жа, як і маладыя выканаўцы - кожны са сваёй песняй выходзіць на эстраду, гэтак жа кожны са сваёй музычнай хваляй. І вось гэта багацце музычных хваль і стварае лагатып, які з'яўляецца сучасным інтэрпрэтаваннем беларускага арнаменту", - сказаў дызайнер у інтэрв'ю.

Лагатып "Зорка" суправаджаецца слоганам "Light up!" - "Запальвай!" Менавіта гэта сімволіка будучага мінскага шоу хутка з'явіцца на сувенірах, упрыгожыць транспарт і бігборды ў сталіцы.

Як расказала ў інтэрв'ю намеснік дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканала "Беларусь 1", каардынатар праектаў Белтэлерадыёкампаніі і Еўрапейскага вяшчальнага саюза Вольга Саламаха, на аснове лагатыпа будзе рыхтавацца дызайн сцэны, макет галоўнай канцэртнай пляцоўкі, дызайн усіх звязаных з гэтым памяшканняў, дзе будуць знаходзіцца дэлегацыі, валанцёры, прэс-цэнтр. Будзе весціся актыўнае прамаціраванне конкурсу і ў Беларусі, і за яе межамі.

Міжнародны дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2018" пройдзе 25 лістапада ў сталіцы Беларусі. Пляцоўкай правядзення шоу стане "Мінск-Арэна". Спартыўна-забаўляльны комплекс зацверджаны для правядзення конкурсу. Аб'ект умяшчальнасцю 15 тыс. гледачоў прымаў ужо дзіцячае "Еўрабачанне" ў 2010 годзе і адпавядае ўсім патрабаванням міжнароднага тэлевізійнага праекта. Арандуюць комплекс загадзя, каб практычна выбудаваць унутры арэны маленькі горад пад назвай дзіцячае "Еўрабачанне".

"Рэпетыцыі, запісы статыстаў, пачынаючы з увозу абсталявання і ўстаноўкі сцэнічнай пляцоўкі - усё гэта не менш як тры тыдні. Калі мы гаворым, што конкурс пройдзе 25 лістапада, то з пачатку лістапада мы пачнём ужо рыхтаваць "Мінск-Арэну" да конкурсу. Наогул, гэта маштаб дарослага "Еўрабачання", - адзначыла намеснік генеральнага прадзюсара Белтэлерадыёкампаніі Вольга Шлягер.

Беларусь прымае дзіцячае "Еўрабачанне" другі раз. Упершыню гэты форум прайшоў у Беларусі ў 2010 годзе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі