Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 верасня 2019, 11:35

Пра падарожжы па Беларусі мастака Кастуся Качана раскажа выстава ў Гомелі

11 верасня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Выстава жывапісу Кастуся Качана "Радзiмаю зачараваны" адкрыецца 19 верасня ў Гомелі ў цэнтральнай частцы палаца Румянцавых і Паскевічаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі.

Праект "Радзiмаю зачараваны" прымеркаваны да Года малой радзімы. Ён паспяхова падарожнічае па Беларусі і з'яўляецца сведкам бязмежнага натхнення аўтара ад шматлікіх паездак па дзіўных кутках роднай зямлі.

Экспазіцыя аб'яднала некалькі дзясяткаў карцін майстра, які працуе ў станковым жывапісе ў жанрах пейзажа і нацюрморта. "Аўтар вядомы сваімі лірычнымі творамі з адлюстраваннем помнікаў архітэктуры, храмаў, манастыроў Беларусі. Асаблівае месца ў творчасці Кастуся Качана займаюць пейзажы Навагрудскага раёна - яго малой радзімы. Раскрываецца ў палотнах і паэтычнае хараство прыроды, асаблівы каларыт жыцця сельскага чалавека", - адзначылі ў дзяржаўнай гісторыка-культурнай установе.

У палацава-паркавым ансамблі падкрэслілі, што гэтага мастака мастацтвазнаўцы называюць "песняром беларускіх мястэчак". У слушнасці такой характарыстыкі змогуць пераканацца і наведвальнікі выставы, паглядзеўшы на дрэвы і кветкі, замкі і храмы, жней у полі, сялянскія хаты, млыны, водныя прасторы і неабсяжнае неба на карцінах.

Кастусь Качан нарадзіўся 4 сакавіка 1950 года ў вёсцы Лаўрышава Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. Вучыўся ў БДУ на факультэце фізікі, затым быў вольным слухачом у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З 1980 года ўдзельнік рэспубліканскіх і замежных мастацкіх выстаў. У 1987 годзе стаў членам ГА "Беларускі саюз мастакоў".

Арганізатарамі выставы выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Беларускі саюз мастакоў. Творы Кастуся Качана можна будзе ўбачыць у палацы Румянцавых і Паскевічаў да 13 кастрычніка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі