Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 лістапада 2018, 17:43

Пляменнік Фрэнка Сінатры выступіць на фестывалі "Студзеньскія музычныя вечары" ў Брэсце

12 лістапада, Брэст /Кар. БЕЛТА/. XXXI Міжнародны фестываль класічнай музыкі "Студзеньскія музычныя вечары" пройдзе ў Брэсце з 9 па 12 студзеня. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Панасюк, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэтым фестывалем мы адкрываем святкаванне 1000-годдзя Брэста, пачынаем канцэртныя падзеі юбілейнага года. Планка, як заўсёды, узята высокая", - адзначыў Сяргей Панасюк.

Плануецца, што ўдзельнікамі фестывалю стануць больш як 200 артыстаў з 10 краін. Большасць з іх прыедуць у Брэст упершыню, у тым ліку і Том Сінатра - пляменнік легендарнага амерыканскага спевака, акцёра, кінарэжысёра і шоўмена. Ураджэнец Сіцыліі Том Сінатра вядомы, бадай што, не менш за свайго знакамітага дзядзьку. Ён уваходзіць у пяцёрку лепшых гітарыстаў свету, віртуозна выконвае хіты Фрэнка Сінатры, даючы ім новае дыханне. Брэсцкая публіка зможа іх пачуць у другім аддзяленні канцэрна 10 студзеня. У першым аддзяленні сваім майстэрствам парадуе расійскі піяніст, дацэнт Маскоўскай кансерваторыі Міхаіл Лідскі.

Паводле слоў кіраўніка і галоўнага рэжысёра "Студзеньскіх музычных вечароў" Ліліі Батыравай, сенсацыяй абяцае стаць і вечар-адкрыццё фестывалю. 9 студзеня адбудзецца Гала-канцэрт з удзелам артыстаў опернага тэатра La Scala тэнараў Джані Манджардзіна і Альда Капута. Таксама на сцэну Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы выйдуць артысты опернай праграмы Вялікага тэатра Расіі Тамуна Гачашвілі (сапрана) і Алуда Тодуа (барытон) з Грузі, Вікторыя Каркачова (меца-сапрана). Прыезджыя славутасці выступяць у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам Аляксандра Сасноўскага.

На трэцім музычным вечары 11 студзеня ўпершыню выступяць піяніст-віртуоз, выпускнік Парыжскай кансерваторыі Джонатан Бенішу з Манака, кларнетыст, выкладчык Акадэміі музыкі ў Гданьску Анджэй Войцяхоўскі, выпускнік Музычнай акадэміі пры тэатры La Scala тэнар Чжан Цзін Вэй з Кітая. Пасля канцэрта адбудзецца традыцыйны Калядны баль. На закрыцці фестывалю 12 студзеня сваёй творчасцю парадуюць кіеўскі маладзёжны камерны хор "Сафія" пад кіраўніцтвам Аляксея Шамрыцкага і піяністка з Японіі Наока Абуракі. У суправаджэнні сімфанічнага аркестра Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы выступяць даўнія сябры "Студзеньскіх музычных вечароў" - лірычнае сапрана Іаана Наўрат з Польшчы і саліст Марыінскага тэатра, бас Вадзім Кравец (Расія).

Арганізатарамі музычнага форуму выступаюць Брэсцкія абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты, Міністэрства культуры, абласное музычнае таварыства.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі