Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 ліпеня 2018, 10:49

Песню адкрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў журы вызначыць пасля грамадскага абмеркавання

27 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Песню адкрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў журы вызначыць пасля грамадскага абмеркавання. Такое рашэнне прынята па выніках другога тура конкурсу на стварэнне песень для цырымоній адкрыцця і закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Журы збярэцца яшчэ раз і прыме рашэнне з улікам грамадскага абмеркавання. У бліжэйшыя дні апытанне будзе размешчана на сайце Белтэлерадыёкампаніі. Песня-пераможца, з аднаго боку, павінна быць высокапрафесійнай, а з іншага - падабацца гледачам і слухачам", - адзначыла першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга.

У сваю чаргу старшыня журы конкурсу народны артыст Беларусі Васіль Раінчык падзякаваў усім аўтарам і выканаўцам, якія прынялі ўдзел у адборачных турах. "Прадстаўленыя песні дастойныя. Але трэба ўлічваць асаблівасць выбару кампазіцыі для ІІ Еўрапейскіх гульняў. Гэта песня будзе выконвацца не на музычным, а на спартыўным форуме, які будзе глядзець шырокая аўдыторыя. Таму яна павінна падабацца ўсім", - падкрэсліў ён.

26 чэрвеня ў Белдзяржфілармоніі прайшоў другі тур конкурсу на стварэнне песень для цырымоній адкрыцця і закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года. Першае пасяджэнне журы, у складзе якога вядомыя беларускія выканаўцы, кампазітары, прадстаўнікі фонду "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года", Нацыянальнага алімпійскага камітэта, Мінспорту, Мінкультуры, Белтэлерадыёкампаніі, адбылося ў чэрвені. Тады ў ходзе праслухоўвання былі вызначаны 5 кампазіцый, якія максімальна адпавядаюць тэматыцы мерапрыемства, вызначаюцца высокім мастацкім узроўнем, сучаснасцю гучання і падачы музычнага матэрыялу: "Winners", "Champion", "Bright year, bright you", "Хто, калі не мы", "This land".

Усяго на конкурс, аб'яўлены Міністэрствам культуры, паступіла 18 заявак з Беларусі, Малдовы, Аргенціны і Японіі.

II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску 21-30 чэрвеня 2019 года на 12 спартыўных аб'ектах. Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыграюць узнагароды ў 15 відах спорту. Спаборніцтвы ў 10 відах стануць кваліфікацыйнымі да летніх Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа.-0-

Фота Генадзя Жынкова

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі