Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 ліпеня 2019, 14:47

"Песняры", фініфць і 175-годдзе Ільі Рэпіна: Дзень Саюзнай дзяржавы пройдзе ў Віцебску 12 ліпеня

4 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзень Саюзнай дзяржавы (або Дзень дружбы) на XXVIII Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе 12 ліпеня. Аб гэтым паведаміла сёння начальнік Дэпартамента сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Маргарыта Леўчанка на прэс-канферэнцыі ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Саюзная дзяржава ўдзельнічае ў арганізацыі і правядзенні фестывалю з 2003 года. У 2019 годзе, як звычайна, прадугледжваецца выдзяленне каля 25 млн расійскіх рублёў, а ўсяго за гэты час накіравана амаль 500 млн расійскіх рублёў.

Дзень Саюзнай дзяржавы будзе складацца з двух блокаў: афіцыйных мерапрыемстваў і культурных праектаў. Першы адкрые цырымонія ўскладання кветак да Вечнага агню мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, ветэранаў і падпольшчыкаў Віцебскай вобласці. "На працягу дня праводзім некалькі розных мерапрыемстваў. Так, у Мастацкім музеі запланавана некалькі цікавых выставак. 12 ліпеня пачне работу выстаўка "Растоўская фініфць", якую адкрые дэфіле мадэлей. У Віцебскай вобласці будзе прадстаўлена і выстаўка аднаго дня - рэплікі Вялікай імператарскай кароны. Плануецца і экспазіцыя, прысвечаная вобразу Аляксандра Неўскага ў мастацкай творчасці", - расказала Маргарыта Леўчанка.

Як і заўсёды, пройдзе мерапрыемства ў музеі-сядзібе "Здраўнёва" - медыясесія "Саюзная дзяржава: як перадаць культурны код моладзі". У гэтым годзе адзначаецца 175 гадоў з дня нараджэння Ільі Рэпіна, і захаванню яго культурнай спадчыны, агульнай культурнай прасторы Беларусі і Расіі будзе прысвечана дыскусія.

Асновай канцэрта "Саюзная дзяржава запрашае", які традыцыйна ўвенчвае праграму Дня дружбы, у гэтым годзе будзе святкаванне 50-годдзя творчай дзейнасці ансамбля "Песняры".

"Саюзная дзяржава прадаўжае традыцыю свайго ўдзелу ў фестывалі. Акрамя выдатных узнагарод, якія атрымаюць удзельнікі конкурсаў, а таксама цудоўная Таісія Павалій, будуць уручаны і спецыяльныя дыпломы і прызы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы - "За творчае ўвасабленне ідэі дружбы народаў Беларусі і Расіі". Імёны ўладальнікаў пакуль захаваю ў тайне", - дадала Маргарыта Леўчанка.

У гэтым годзе Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 8 па 17 ліпеня. Цырымонія і гала-канцэрт адкрыцця форуму адбудуцца ў Летнім амфітэатры 11 ліпеня, закрыцця - 15 ліпеня. Дадатковыя мерапрыемствы запланаваны на 8-10 і 16-17 ліпеня. Асноўнымі падзеямі фестывалю стануць XXVIII Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2019" і XVII Міжнародны дзіцячы музычны конкурс "Віцебск-2019".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі