Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
15 лістапада 2017, 19:55

Пераклад Свяшчэннага Пісання Новага Запавету на беларускую мову прэзентаваны ў Мінску

15 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пераклад Свяшчэннага Пісання Новага Запавету на беларускую мову прэзентаваны ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У прэзентацыі прыняў удзел Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел. "Можна сказаць, што гэта кніга сёння з'яўляецца эталонам, таму што ў папярэдніх выдадзеных перакладах Свяшчэннага Пісання былі недахопы. Гэта выданне - узор, які будзе служыць і ў далейшым людзям, якія імкнуцца пазнаць слова Божае і Свяшчэннае Пісанне. А для выдавецкага савета - гэта падстава паразважаць, у якім фармаце яшчэ можна зрабіць гэту кнігу, каб яна была даступна для шырокага кола чытачоў, багасловаў, гісторыкаў", - сказаў Мітрапаліт Павел. Паводле яго слоў, магчыма, кнігу варта перааформіць, выдаць на дзвюх мовах або ўключыць паралельна часткі тэксту, магчыма, дабавіць сюжэты з евангельскай гісторыі, каб кніга таксама і візуальна прыцягвала чытача, стала настольнай для кожнага хрысціяніна.

Новы Запавет, перакладзены праваслаўнымі багасловамі і філолагамі на сучасную беларускую мову са старажытнагрэчаскага арыгінала, падрыхтаваны БПЦ да 500-годдзя з дня выдання першай кнігі Бібліі Францыскам Скарынам, і гэта сімвалічная падзея, падкрэсліў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, у сваю чаргу, сказаў, што гэта падзея можа стаць асновай для новых крокаў у аб'яднанні царквы з грамадствам, ва ўплыве царквы на развіццё суверэннай Беларусі. Важнай падзеяй для духоўнага жыцця беларускага народа назваў пераклад Свяшчэннага Пісання Новага Запавету на беларускую мову начальнік галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы Міністэрства культуры Беларусі Васіль Чэрнік.

"Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста" - вынік саборнай перакладчыцкай дзейнасці членаў Біблейскай камісіі БПЦ, якія пачалі гэту работу 25 гадоў таму па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта (Вахрамеева), цяпер Пачэснага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі ў супрацоўніцтве з Біблейскім таварыствам у Беларусі. Пераклад зроблены са старажытнагрэчаскага тэксту, які традыцыйна ўжываецца ў праваслаўнай царкве. У працэсе сваёй работы Біблейская камісія ўважліва аналізавала і ўлічвала ранейшыя спробы перакладу Свяшчэннага Пісання на беларускую мову. Выкарыстоўваліся таксама розныя пераклады Бібліі на рускую, украінскую, польскую, англійскую і іншыя мовы.

Выданне перададзена ў дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Кніга надрукавана тыражом 6 тыс. экзэмпляраў у добрым паліграфічным афармленні, з іх 500 экзэмпляраў - падарункавыя, у скураным пераплёце з залатым абрэзам.-0-

Фота Аксаны Манчук.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі