Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 студзеня 2018, 09:46

Папко: пры камісіі па вяртанні культурных каштоўнасцей трэба стварыць пастаянна працуючую структуру

17 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пры Камісіі па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны абарот культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь, неабходна стварыць пастаянна працуючую ў гэтым напрамку структуру. Такое меркаванне выказала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Вольга Папко ў час круглага стала ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

"Лічу, што павінны быць людзі, якія працуюць у гэтым напрамку кожны дзень, гэта значыць невялікі сакратарыят, які будзе шукаць, удакладняць, рыхтаваць дакументы. Гэта можа быць фонд або іншы орган. Аднак самы просты варыянт - стварыць пры існуючай камісіі структурнае падраздзяленне. Выступаю за тое, каб пры камісіі быў створаны сакратарыят", - сказала яна. На думку дэпутата, грамадскія ініцыятывы, якія трымаюцца толькі на энтузіязме, маюць перыяды ўздыму і спаду, а вынік дае толькі тое, што працуе стабільна.

У сваю чаргу генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў лічыць, што адпаведны орган павінен быць створаны пры Савеце Міністраў, як у іншых краінах былога СССР. У якасці прыкладу ён прывёў Арменію, дзе вяртанне сваіх твораў мастакоў і класікаў стаіць на першым месцы. "Думаю, што нам таксама трэба перагледзець сваю пазіцыю. Стварэнне спецыяльнага органа зробіць магчымым праводзіць больш планавую, мэтанакіраваную і сістэмную работу, якую трэба выводзіць на прафесійную аснову. Галоўнае - нам ёсць, што вяртаць, і да гэтага гатовы ўжо на ўсіх узроўнях", - перакананы Уладзімір Пракапцоў.

На яго думку, у гэтай сферы Беларусі дастаткова азнаёміцца з вопытам суседзяў, напрыклад, Польшчы. "Ёсць такая статыстыка: за апошнія пяць гадоў у Польшчу вернута 650 адзінак прадметаў музейнага значэння. Калі будзе структура, то будзе лягчэй працаваць і на грамадскіх пачатках", - дадаў гендырэктар НММ. Ён адзначыў пры гэтым вялікі ўклад у справу вяртання ў Беларусь гісторыка-культурных каштоўнасцей камісіі "Вяртанне", якую ўзначальваў прафесар Адам Мальдзіс.

Як заўважыў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі, уся работа па захаванні культурнай спадчыны павінна знаходзіцца ў аснове дзяржаўнай палітыкі і пэўных заканадаўчых механізмаў і структур. "Нам трэба выйсці на разуменне таго, што культурная спадчына - гэта не толькі захапленне некаторых людзей, а фундамент жыцця Беларусі. Войны і рэвалюцыі не прайшлі бясследна, таму мы маем вельмі мала. Не думаю, што павінны быць сур'ёзныя траты і вялікі апарат, але мэтанакіраваная палітыка ў краіне для рэалізацыі гэтай задачы дала б аддачу", - падкрэсліў ён.

Начальнік галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі МЗС Ларыса Бельская праінфармавала, што сфарміраваны цэлы спіс, дзе ідзе размова аб канкрэтных прадметах, якія маюць каштоўнасць для беларускай культуры, гісторыі, якія трэба выявіць. "Прыкладна зразумела, дзе яны ёсць, але трэба іх знайсці ў канкрэтных музеях або архівах, праводзіць кантакты з зацікаўленымі за мяжой, канкрэтныя перагаворы, на якіх умовах яны маглі б быць вернуты ў Беларусь. Такое даручэнне замежным установам дадзена. Безумоўна, тут патрэбны тандэм нашых прафесіяналаў і беларускіх дыпламатаў", - дадала яна.

"Ёсць рэчы, якія нам ніколі не вернуць, - прадоўжыла прадстаўнік МЗС. - У той жа час шэраг аб'ектаў, і мы арыентуем на гэта дыпламатаў, знаходзіцца ў прыватных калекцыянераў, прадстаўнікоў дыяспары, якія будуць рады вярнуць рэчы ў Беларусь, але спачатку іх трэба знайсці і дамовіцца". У гэтым напрамку, вядома, важна падтрымка дзяржавы, але ў краіны ёсць вопыт, калі прыватныя арганізацыі ўносілі значны ўклад у папаўненне фонду нацыянальных прадметаў. Да таго ж можна выкарыстоўваць варыянт, калі прыватныя калекцыі аддаюць музею на пастаяннае захоўванне - так робяць у многіх краінах Еўропы, канстатавала Ларыса Бельская.

Удзельнікі круглага стала таксама закранулі пытанне варыянтаў фінансавання для набыцця каштоўнасцей, якія ўяўляюць цікавасць для Беларусі. Абмяркоўваліся розныя варыянты - стварэнне спецыяльнага фонду або фондаў у абласцях і раёнах, сістэмы грантаў, каб нават самыя невялікія музеі, бібліятэкі, архівы і іншыя ўстановы маглі мець магчымасць атрымаць у свае калекцыі гісторыка-культурныя каштоўнасці беларускага народа.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі