Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 лістапада 2019, 11:26

Падтрымаць Лізавету Міснікаву можна прагаласаваўшы за конкурсную песню "Пепельный" у інтэрнэце

22 лістапада, Глівіцы /Святлана Сухарко - БЕЛТА/. У адпаведнасці з правіламі дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне" з сённяшняга дня беларусы змогуць падтрымаць Лізавету Міснікаву, прагаласаваўшы за кампазіцыю "Пепельный" на сайце песеннага форуму, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА

Паглядзеўшы відэаролікі з выступленнямі канкурсантаў, можна выбраць ад трох да пяці артыстаў, якія спадабаліся, у тым ліку ўдзельніка ад сваёй краіны. Глядацкае галасаванне пачнецца сёння ў 22.00 і прадоўжыцца да пачатку самога фінальнага канцэрта 24 лістапада. Затым, пасля жывога выступлення ўсіх канкурсантаў, магчымасць прагаласаваць зноў будзе даступна, але толькі на 15 мінут.

Як адзначылі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, падтрымаць маладых выканаўцаў у інтэрнэце, паглядзеўшы відэаролікі з выступленнямі канкурсантаў на афіцыйным сайце форуму, і аддаць свой голас можна будзе ў адзін клік з камп'ютара, планшэта або мабільнага тэлефона. Вынікі галасавання гледачоў будуць падсумаваны з вынікамі выбару нацыянальнага журы ад кожнай з краін-удзельніц - і такім чынам вызначыцца трыумфатар сёлетняга конкурсу.

Сёння на Arena Gliwice прадоўжацца індывідуальныя рэпетыцыі ўдзельнікаў дзіцячага "Еўрабачання-2019". Прэс-канферэнцыя для афіцыйных прадстаўнікоў усіх краін - удзельніц дзіцячага "Еўрабачання" і генеральны прагон гала-канцэрта пройдуць 23 лістапада. Фінальнае шоу адбудзецца 24 лістапада. На сцэну Arena Gliwice выйдуць юныя таленты з 19 краін: Аўстраліі, Албаніі, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Ірландыі, Іспаніі, Італіі, Казахстана, Мальты, Нідэрландаў, Партугаліі, Расіі, Паўночнай Македоніі, Сербіі, Украіны, Уэльса, Францыі і гаспадыні цяперашняга конкурсу - Польшчы.

Прамую трансляцыю грандыёзнага песеннага форуму будуць весці тэлеканалы "Беларусь 1" і міжнародны спадарожнікавы "Беларусь 24", а таксама сайт Белтэлерадыёкампаніі. Шоу пачнецца ў 18.00 па мінскім часе. Каменціраваць яго будзе журналіст АТН і вядучы "Беларусь 1" Яўген Перлін. Адкрые выступленні канкурсантаў прадстаўнік Аўстраліі, завершыць - удзельнік з Сербіі, а беларуская выканаўца выйдзе на сцэну сёмай. Яна выканае кампазіцыю "Пепельный".

Арганізацыю і падрыхтоўку беларускай удзельніцы да міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2019", а таксама трансляцыю песеннага форуму ажыццяўляе Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў краіне член Еўрапейскага вяшчальнага саюза. Слоган конкурсу ў гэтым годзе - "Падзяліся радасцю".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі