Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
02 лістапада 2018, 15:53

Новы сезон дзіцячага конкурсу "Талент краіны" 3 лістапада стартуе на АНТ

2 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Трэці сезон дзіцячага творчага конкурсу "Талент краіны" стартуе 3 лістапада на АНТ, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе тэлеканала.

Удзельнікі тэлепраекта - таленавітыя юнакі і дзяўчаты ад 5 да 15 гадоў з усёй краіны. "Пасля кастынгаў засталося 48 нумароў: сольныя выканаўцы і калектывы. У фінал пройдуць 10 самых яркіх. Імёны пераможцаў (па адным з кожнай узроставай катэгорыі) назавуць у снежні. Прэм'ера новага сезона грандыёзнага праекта "Талент краiны" адбудзецца 3 лістапада", - расказалі ў прэс-службе.

У гэтым сезоне "Талент краiны" будзе крыху зменены. "Мы змянілі ўмовы галасавання, яны сталі больш празрыстымі: у журы з'явіліся карткі "так" і "не", прычым кожны растлумачыць сваё рашэнне, - адзначыла выканаўчы прадзюсар праекта Ганна Апсіт. – Яшчэ адно новаўвядзенне: з'явіўся спецыяльны пакой, з якога бацькі і настаўнікі ў рэжыме рэальнага часу назіраюць за выступленнямі юных артыстаў".

Не пакінуць без увагі пераможцаў і фіналістаў мінулых сезонаў праекта. Хлопчыкі і дзяўчынкі не проста прыйдуць падтрымаць юных удзельнікаў, але і выступяць з самастойнымі нумарамі.

У журы праекта "Талент краіны" толькі прызнаныя майстры мастацтваў: саліст ансамбля "Беларускія Песняры" Валерый Дайнэка; оперная спявачка, актрыса тэатра і кіно Маргарыта Ляўчук; рэжысёр, дацэнт кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Дзіна Тыцюк; харэограф, пастаноўшчык і рэжысёр Дзмітрый Залескі і іншыя. Узначальвае экспертную камісію рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, старшыня савета Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі Кацярына Дулава.

Вядучыя трэцяга сезона грандыёзнага тэлепраекта - Яўген Булка і Надзея Клемянцёнак.

Маштабны агульнарэспубліканскі дзіцячы тэлевізійны конкурс "Талент краіны" арганізаваны пры падтрымцы Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, Міністэрства культуры і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі