Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 мая 2017, 16:30

Новая версія "Травіяты" адкрые 85-ы сезон Вялікага тэатра

18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Оперу Джузэпэ Вердзі "Травіята" ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі паставіць латвійскі рэжысёр Андрэйс Жагарс, паведамілі БЕЛТА ў тэатры.

Для беларускага тэатра гэта будзе ўжо 6-я пастаноўка легендарнай оперы. Новая "Травіята" латвійскага рэжысёра адкрые юбілейны, 85-ы сезон Вялікага тэатра 8 верасня.

Некалькі гадоў таму Андрэйс Жагарс, яшчэ ў статусе дырэктара Латвійскай Нацыянальнай оперы, быў адным з членаў журы міжнароднага конкурсу Competizione dell'opera, які праходзіў у Вялікім тэатры. У 2013 годзе, у час гастролей Нацыянальнай оперы "Эстонія" ў Мінску, беларускія гледачы змаглі ацаніць рэжысёрскі талент Андрэйса Жагарса па пастаноўцы "Манон Леско" Джакама Пучыні. А на IV Калядным оперным форуме Жагарс прадставіў яшчэ адзін свой спектакль - оперу Джузэпэ Вердзі "Баль-маскарад" Санкт-Пецярбургскага Міхайлаўскага тэатра.

Для Жагарса мінская пастаноўка "Травіяты" будзе трэцяй па ліку: яго оперы не першы год з поспехам ідуць у Рызе і Тэль-Авіве. Дарэчы, спектакль Латвійскай Нацыянальнай оперы таксама маглі бачыць беларускія меламаны: менавіта гэту "Травіяту" Андрэйс Жагарс прывозіў на Першы Калядны форум у Вялікі тэатр. Гэта не самая любімая опера латвійскага рэжысёра, але ўзяцца за яе пастаноўку - нібыта кінуць выклік самому сабе.

На мінскай сцэне ў "Травіяце" гледачы ўбачаць сваіх сучаснікаў - дзеянне оперы перанесена ў Парыж XXI стагоддзя. Адпаведна, зменіцца і хвароба галоўнай гераіні Віялеты. У наш час медыцына лёгка спраўляецца з туберкулёзам, а вось анкалогія да гэтага часу забірае жыцці ў тым ліку маладых і прыгожых людзей.

"Галоўнае, пра што я хачу сказаць, - гэта праблема публічнай адзіноты, - адзначае Андрэйс Жагарс. - Людзі ствараюць ўражанне добрага, уладкаванага, паспяховага, камфортнага жыцця. Але на самай справе яны вельмі адзінокія. За радасцю і шчасцем - неймаверны боль: ад неразумення, няшчырасці, адсутнасці сяброў і любімых. Як рэдка можна сустрэць сапраўднае каханне. А сустрэўшы яго - страціць назаўсёды. Вось сапраўдная трагедыя".

Над прэм'ерай працуе міжнародная група: дырыжор-пастаноўшчык Андрэй Галанаў, рэжысёр-пастаноўшчык Андрэйс Жагарс (Латвія), хормайстар-пастаноўшчык - Ніна Ламановіч, мастакі-пастаноўшчыкі Рэйніс Суханаўс (сцэнаграфія, Латвія) і Крысцінэ Пастэрнака (касцюмы, Латвія), мастак па святле Кевін Він Джонс (Вялікабрытанія), а таксама салісты, артысты хору і аркестра Вялікага тэатра Беларусі. А балетмайстры-пастаноўшчыкі Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў рыхтуюць харэаграфічны нумар у сцэне "Баль у Флоры".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі