Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 кастрычніка 2019, 11:06

"Няхай заўсёды будзе заўтра" - выстава фотакарэспандэнта БЕЛТА Сяргея Халадзіліна адкрылася ў Гомелі

9 кастрычніка, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Выстава работ фотакарэспандэнта рэдакцыі візуальнай інфармацыі БЕЛТА Сяргея Халадзіліна "Няхай заўсёды будзе заўтра" адкрылася 8 кастрычніка ў Гомелі ў Музеі аўтографа Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.І.Герцэна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Экспазіцыя стала часткай праекта "Жывы аўтограф" і прымеркавана да Года малой радзімы і юбілею аўтара. На выстаўцы прадстаўлены 28 фотаработ Сяргея Халадзіліна, зробленых у розныя перыяды яго прафесійнай дзейнацсі. Падзеі ўчарашняга дня чаргуюцца з сённяшнімі, чорна-белая фатаграфія з каляровай. Тэматыка здымкаў разнастайная. Гэта і яркі каларыт беларускай нацыянальнай культуры, і сціплы быт вёскі, і хараство спакойнага пейзажу, і чарнобыльскія матывы, і, вядома ж, людзі з іх лёсамі, радаснымі падзеямі і штодзённымі клопатамі.

На адкрыцці экспазіцыі аўтар падзяліўся гісторыяй стварэння некаторых работ, адказаў на пытанні, якія датычацца свайго жыццёвага і творчага шляху. Ён перакананы, што ў аснове добрага партрэта - не толькі прафесійнае майстэрства, але і ўменне слухаць і чуць чалавека. "Галоўны настаўнік у нашай прафесіі гэта жыццё. І важныя ўрокі яно падносіць кожны дзень. Гэта вельмі каштоўна", - лічыць фотакарэспандэнт.

Сяргей Халадзілін нарадзіўся ў Гомелі. Скончыў эканамічны факультэт Гомельскага дзяржуніверсітэта, факультэт журналістыкі БДУ. Амаль 30 гадоў працуе фотакарэспандэнтам Беларускага тэлеграфнага агенцтва. За гэтыя гады яго творчыя і прафесійныя заслугі неаднаразова адзначаліся высокімі ўзнагародамі. Сяргей Халадзілін з'яўляецца лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі "Выяўленчае мастацтва" (2005), пераможцам III Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ "Залатая Літара" ў намінацыі "Лепшы фотарэпарцёр" (2007), пераможцам конкурсу журналісцкіх работ Саюзнай дзяржавы "Беларусь - Расія. Крок у будучыню" ў намінацыі "Лепшая фотаработа" (2012). За шматгадовую працу і высокае прафесійнае майстэрства ў 2014 годзе быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, у 2018-м - медалём МУС "За ўклад ва ўмацаванне правапарадку". Прызнаны пераможцам у намінацыі "Лепшы фотакарэспандэнт" абласнога спаборніцтва сярод рэдакцый газет, арганізацый тэлебачання і радыё, журналістаў, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць на тэрыторыі Гомельскай вобласці, па выніках 2018 года. Фотаздымкі аўтара экспанаваліся ў Германіі, Польшчы, Нарвегіі, Расіі, Францыі і Італіі.

Азнаёміцца ​​з работамі фатографа ў бібліятэцы можна да 30 кастрычніка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі