Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 красавіка 2017, 16:56

Наваполацк стане культурнай сталіцай Беларусі 2018 года

20 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Горад Наваполацк стане культурнай сталіцай 2018 года. Такое рашэнне прынята сёння на калегіі Міністэрства культуры Беларусі, паведамляе БЕЛТА.

Датай заснавання Наваполацка лічыцца 7 чэрвеня 1958 года. У наступным годзе горад адзначыць 60-годдзе. Сучасны Наваполацк налічвае 108 тыс. жыхароў, сярод якіх амаль 40 працэнтаў моладзі.

У горадзе прыкладаюцца значныя намаганні да развіцця і папулярызацыі дасягненняў беларускай культуры, удзяляецца вялікая ўвага развіццю сацыяльнай сферы. Выхаванцамі гурткоў, студый, школ мастацтваў з'яўляюцца больш за 4 тыс. новапалачан. Канцэртна-асветную дзейнасць вядуць 34 творчыя калектывы са званнем "заслужаны", "народны", "узорны аматарскі".

Наваполацк становіцца пляцоўкай для правядзення многіх буйных конкурсаў, фестываляў, выставак і форумаў розных узроўняў, якія збіраюць удзельнікаў і гасцей з усіх куткоў Беларусі, а таксама замежных краін.

Вядучая роля ў выхаванні духоўнасці чалавека, нематэрыяльных каштоўнасных якасцей адводзіцца арганізацыям культуры і адукацыі. У іх ліку Цэнтр культуры Наваполацка, у склад якога ўваходзіць цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры. Пастаяннымі ўдзельнікамі буйнейшых гарадскіх мерапрыемстваў з'яўляюцца творчыя калектывы Палаца культуры ААТ "Нафтан", на базе якога працуюць больш за 40 творчых калектываў і ў якіх заняты каля 1 тыс. дзяцей і дарослых. Значны ўклад у правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў уносіць студэнцкі клуб Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Актыўным дзеючым цэнтрам музычнай культуры горада выступае Дзіцячая школа мастацтваў нумар 1. Дзіцячая мастацкая школа імя І.Ф. Хруцкага рэалізуе вучэбныя праграмы па 14 напрамках у 17 студыях выяўленчага мастацтва, а дзіцячая школа мастацтваў нумар 3 вядзе падрыхтоўку на трох аддзяленнях і выхоўвае больш за 200 дзяцей. На базе Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа працуюць 12 вучэбна-канцэртных калектываў. У фондах Музея гісторыі і культуры Наваполацка налічваецца больш за 14 тыс. прадметаў асноўнага фонду. Важкі культурны рэсурс горада - сем публічных бібліятэк, аб'яднаных у цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму.

У 2011 годзе Наваполацк, першы ў Беларусі, удастоены ганаровага звання "Горад, дружалюбны дзецям", што з'яўляецца высокай ацэнкай дзейнасці горада на шляху рэалізацыі Канвенцыі аб правах дзіцяці, а ў 2016 годзе ў рэспубліканскім конкурсе "Горад культуры ў Год культуры" стаў пераможцам у намінацыі "Лепшы горад абласнога падпарадкавання".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі