Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
24 красавіка 2019, 17:37

Нацыянальны мастацкі музей рыхтуе выставу аб спорце

24 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі напярэдадні Ночы музеяў (праводзіцца 18 мая) адкрые вялікі выставачны праект, прысвечаны тэме спорту, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА вучоны сакратар музея Святлана Анейка.

"Выстава аб спорце асабліва актуальная напярэдадні ІІ Еўрапейскіх гульняў. Пакуль у яе рабочая назва "Гульні". Экспазіцыя размесціцца на ўсёй выставачнай плошчы першага паверха галоўнага корпуса. У пяці залах мы прадставім вялікую колькасць твораў жывапісу, графікі, скульптуры як з калекцыі нашага музея, так і іншых музейных устаноў горада і збораў прыватных калекцыянераў. Гэты праект будзе працаваць па 3 ліпеня", - адзначыла сакратар.

У Ноч музеяў НММ прапануе вывучыць сферу пачуццяў. "Мы прапануем выйсці за межы асноўных пяці пачуццяў, а для разумення асаблівасцей шостага вымярэння разгледзець ролю пачуццёвага боку ў мастацтве, - сказала Святлана Анейка. - Плануецца, што 18 мая музей будзе працаваць з 18.00 да 24.00. Распрацоўваем кошт адзінага білета, які дасць магчымасць наведаць не толькі Ноч музеяў, але і выставу "Сальвадор Далі".

Акрамя таго, 24 мая адбудзецца XVII Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Аладаўскія чытанні", якая будзе прысвечана 80-гадоваму юбілею Нацыянальнага мастацкага музея. "У нас будуць працаваць дзве секцыі. Удзельнікі першай зоймуцца вывучэннем музейных збораў і вынікаў найноўшых даследаванняў беларускага і сусветнага мастацтва. У другой секцыі будуць разглядацца пытанні, якія адносяцца да сучаснай музейнай практыкі - музейнай педагогікі, інтэрактыўных праграм, выставачных праектаў, а таксама стратэгій камунікацый з наведвальнікамі", - паведаміла вучоны сакратар.

У канферэнцыі будуць удзельнічаць мастацтвазнаўцы, музеязнаўцы, гісторыкі, рэстаўратары, культуролагі і прадстаўнікі сумежных дысцыплін. Заяўкі на ўдзел у канферэнцыі і даклады выступленняў прымаюцца аргкамітэтам па 13 мая па электронным адрасе музея.

Святлана Анейка таксама анансавала, што ў маі будзе прадстаўлены невялікі выставачны праект, прысвечаны Дню медыцынскай сястры, ён арганізаваны сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі