Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
13 чэрвеня 2019, 18:10

Нацыянальны мастацкі музей пакажа жывапіс Івана Стасевіча

13 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава жывапісу заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Івана Стасевіча адкрыецца 18 чэрвеня ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.

У экспазіцыі, прымеркаванай да 90-годдзя з дня нараджэння мастака, будзе прадстаўлена каля 20 карцін, на якіх адлюстраваны пасляваенныя гады. "У год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў заканамернай бачыцца выстава твораў Івана Стасевіча. Многім беларускім мастакам давялося ваяваць, і Ваня Стасевіч быў, як кажуць, сынам палка, дайшоў да Берліна і распісаўся на Рэйхстагу, - расказалі ў музеі. - Юнак меў незвычайны талент жывапісца, быў сапраўдным самародкам, які ў далейшым атрымаў цудоўную прафесійную адукацыю".

Усяго ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея знаходзяцца 22 творы жывапісу і графікі майстра. "Сярод іх палатно "Шахцёры Салігорска", можна сказаць, навечна прыпісанае да пастаяннай экспазіцыі беларускага мастацтва ХХ стагоддзя як выдатны мастацкі і гістарычны дакумент", - дадалі ва ўстанове.

Выстава будзе працаваць па 1 верасня.

Іван Стасевіч (1929-1998) нарадзіўся ў вёсцы Мядзведня Старадарожскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. У гады вайны быў байцом брыгады імя Фрунзэ атрада нумар 3 імя Кірава. Перажыў з партызанамі блакаду. Калі Беларусь была вызвалена, 15-гадовым хлапчуком быў залічаны ў аўтамабільна-дарожную часць 1-га Беларускага фронту. Усе ваенныя гады маляваў баявыя лісткі, плакаты, дарожныя паказальнікі, апошні з якіх - "Да Рэйхстага - 250 метраў".

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча і Маскоўскі мастацкі інстытут імя В.І.Сурыкава. Выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у 1958-1995 гадах, у 1985-м стаў прафесарам. Творы мастака захоўваюцца ў многіх дзяржаўных і прыватных зборах Расіі, Алжыра, Англіі, Аўстрыі, Бельгіі, Германіі, Індыі, Італіі, Канады і іншых, у тым ліку на радзіме мастака ў Старадарожскім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі знаходзіцца больш за 70 яго прац.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі