Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
26 красавіка 2018, 18:15

Нацыянальнае адзенне стала асноўнай тэмай міжнароднага форуму традыцыйнай культуры ў Магілёве

25 красавіка, Магілёў /Юлія Еўмянькова - БЕЛТА/. Нацыянальнае адзенне стала асноўнай тэмай VI Міжнароднага форуму "Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства", які сёння пачаў работу ў Магілёве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы Міністэрства культуры Васіль Чэрнік на ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства, менавіта ў традыцыйным нацыянальным адзенні адзінай ідэяй кансалідуюцца розныя віды народнага мастацтва, менталітэт, уклад жыцця і месца пражывання асобнага народа, геаграфічныя асаблівасці краіны.

Галоўнай падзеяй першага дня форуму стала адкрыццё міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Нацыянальнае адзенне як элемент гістарычнай спадчыны ў сучаснай культуры", удзельнікі якой азнаёміліся са своеасаблівасцю традыцыйнага адзення Грузіі, Латвіі і Узбекістана. На завяршэнне выступленняў гасцей форуму чакаў сюрпрыз - дэфіле-дэманстрацыя традыцыйнага адзення беларускіх рэгіёнаў.

У другі дзень канферэнцыі будуць заслуханы даклады аб нацыянальным адзенні народаў Расіі, элементах кітайскіх і азербайджанскіх традыцыйных касцюмаў, асаблівасцях казахскіх вясельных убораў і інш.

У праграму першага дня форуму ўвайшло таксама свята народнай творчасці "Сябрына беларускага майстэрства", дзе была прадстаўлена фальклорная спадчына Магілёўскай зямлі. Пазнаёмілі гасцей і з традыцыямі вырабу саламяных павукоў у Быхаўскім раёне - нематэрыяльнай спадчыны рэгіёна, што ўнесена ў 2017 годзе ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

У дні форуму арганізаваны дэманстрацыі экспазіцый абласнога конкурсу-выстаўкі аксесуараў і элементаў да традыцыйнага і стылізаванага народнага адзення "Свет формы і колеру", агляду-конкурсу "Магілёўская лялька ў рэгіянальным строі", спаборніцтвы на лепшы выраб жаночых і мужчынскіх галаўных убораў Магілёўшчыны ў традыцыйным і сучасным стылях.

Форум праводзіцца ў Магілёве раз у два гады і ўжо даўно зарэкамендаваў сябе трывалай пляцоўкай для вызначэння стратэгій падтрымкі і развіцця традыцыйнай культуры, абмену вопытам работы, вызначэння ролі ўстаноў культуры ў працэсе трансляцыі духоўных каштоўнасцей, пошуку шляхоў міжнароднага супрацоўніцтва ў гэтым напрамку.

У бягучым годзе ўдзельнікамі сустрэчы сталі прадстаўнікі дзесяці краін: Беларусі, Расіі, Казахстана, Узбекістана, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Кыргызстана, Украіны, Кітая. Гэта вучоныя і спецыялісты па вывучэнні і захаванні народных культурных традыцый, якія ва ўмовах глабалізацыі добра разумеюць і цэняць значнасць нацыянальнай культурнай самабытнасці і духоўнасці ў сучасным свеце.

Арганізатарамі міжнароднага форуму выступілі Міністэрства культуры Беларусі, Магілёўскі аблвыканкам, Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі