Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 чэрвеня 2019, 16:49

Нацбібліятэка запрашае азнаёміцца з "Пейзажам чалавечай душы" Віктара Карамазава

17 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Юбілейная выстава "Пейзаж чалавечай душы", прысвечаная 85-годдзю беларускага пісьменніка, публіцыста, сцэнарыста, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Кастуся Каліноўскага Віктара Карамазава, адкрылася ў зале беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.

"Сярод творчых асоб пасляваеннага, так званага філалагічнага, пакалення Віктар Карамазаў знайшоў свой асаблівы шлях, плённа запаўняючы яшчэ не асвоеныя тэматычна-праблемныя нішы ў нацыянальнай прозе, - адзначылі ў бібліятэцы. - Пісьменніка хвалюе тэма ўнутранай дэградацыі чалавека, якая вядзе яго да духоўнага збяднення, адчужэння ад зямлі і прыроды. Эстэтычнае і этычнае крэда аўтара - умацаванне духоўнасці і чалавечнасці. Ён імкнецца паказаць звычайнага чалавека з паўсядзённымі клопатамі, якія становяцца вызначальнымі ў яго лёсе".

Выстава прадставіць больш за 60 дакументаў. Першы раздзел экспазіцыі "З Бацькаўшчынай у сэрцы" дэманструе расказы, нарысы, аповесці і раманы юбіляра, многія з якіх вывучаюцца ў школах і ўніверсітэтах як узорныя творы беларускай літаратуры. Сярод прадстаўленых экспанатаў - "Падранак", "Па талым снезе", "Дзень Барыса і Глеба", "Дзяльба кабанчыка", "Глядзіце ў вочы лемуру", "Проста ўспомніў я цябе...", "Пушча", "Бежанцы".

"Віктар Карамазаў не адзіны беларускі празаік, які выпрабаваў сваё пяро ў жанры белетрызаванай біяграфіі майстроў выяўленчага мастацтва. Але ён пра кожнага з мастакоў піша па-свойму, маючы на ўвазе і творчую манеру, і свядомы ўхіл, і ментальнасць, і факты біяграфіі, і канкрэтыку сваіх суадносін з персаналіямі твораў, - сказалі ў бібліятэцы. - З мастацкімі біяграфіямі "Крыж на зямлі і поўня ў небе" (пра Вітольда Бялыніцкага-Бірулю), "Краса і воля" (пра Станіслава Жукоўскага), "Мастак і парабкі" (пра Мікалая Неўрава) і іншымі можна азнаёміцца ў час выставы".

Другі раздзел літаратурнай выставы "Палітра слова" прысвечаны жыццёваму і творчаму шляху юбіляра і змяшчае артыкулы з часопісаў і зборнікаў па тэме, а таксама кнігу Дзіны Дудзінскай "Сусвет і свет душы: творчая індывідуальнасць Віктара Карамазава, літаратурны працэс".

Як падкрэслілі ў Нацбібліятэцы, творы Віктара Карамазава - гэта надзея на выратаванне ад мітусні, неймавернай хуткасці жыцця, магчымасць адпачыць, вярнуцца да вытокаў, спыніцца і ўбачыць, пачуць і адчуць тое, што патрэбна для раўнавагі, што выратуе ў цяжкія жыццёвыя моманты.

Выстава "Пейзаж чалавечай душы" будзе працаваць па 18 ліпеня.

Віктар Карамазаў нарадзіўся ў 1934 годзе ў Магілёўскай вобласці. Працаваў у раённай і абласной прэсе, у газетах "Звязда", "Літаратура і мастацтва", на Беларускім тэлебачанні, у часопісе "Полымя". Аўтар раманаў "Бежанцы", "Пушча", аповесцей, нарысаў, сцэнарыяў мастацкіх і дакументальных фільмаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі