Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
06 лютага 2019, 17:27

На тэатральны форум "М.@rt.кантакт" прададзена больш за 90 працэнтаў білетаў

6 лютага, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. На спектаклі XIV Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму "М.@rt.кантакт", які пройдзе ў Магілёве 21-27 сакавіка, прададзена больш за 90 працэнтаў білетаў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказала намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога тэатра Ірына Рабцава.

Паводле яе слоў, гледачы ў бягучым годзе больш актыўныя. Напрыклад, білеты на адкрыццё і закрыццё тэатральнага свята разышліся практычна ў першыя дні з пачатку продажу 15 студзеня. "Што, вядома, невыпадкова, паколькі ў гэтыя дні, як правіла, ідуць самыя топавыя спектаклі вядомых калектываў, - растлумачыла Ірына Рабцава. - Так, у дзень адкрыцця на сцэне аблдрамтэатра Санкт-Пецярбургскі тэатр "Майстэрня" пакажа спектакль "Тарцюф" паводле вядомай аднайменнай п'есы Мальера, а ў фінале любіцеляў Мельпамены чакае "rock & гісторыя" ад Пскоўскага акадэмічнага тэатра драмы імя А. С. Пушкіна паводле чэхаўскай "Каштанкі".

У два разы больш, чым звычайна, прададзена білетаў праз інтэрнэт: амаль кожны пяты. Важны фактар - даступны кошт: кошт білетаў (ад Вr10 да Вr35) не мяняецца апошнія тры гады. У касе тэатра засталіся толькі адзінкавыя білеты на некаторыя спектаклі. "Але ў гледача яшчэ ёсць магчымасць купіць шчаслівы білецік, паколькі планы, бывае, мяняюцца, адбываюцца вяртанні", - заўважыла Ірына Рабцава.

У бягучым годзе на тэатральным форуме будуць прадстаўлены 23 спектаклі творчых калектываў з 10 краін. У час спецыяльнай праграмы пройдуць традыцыйныя майстар-класы для маладых акцёраў, а таксама на працягу фестывальнага тыдня будзе працаваць майстэрня маладой рэжысуры. Тэатральныя крытыкі вызначаць галоўную "Падзею форуму", па выніках глядацкага і інтэрнэт-галасавання будзе выбраны лепшы спектакль.

Праект стартаваў у 2006 годзе і з гэтага часу стаў адной з самых значных і чаканых культурных падзей не толькі ў Магілёве, але і на ўсёй тэатральнай прасторы Беларусі. За гады правядзення фестывалю было паказана звыш 200 спектакляў з 21 краіны. Іх паглядзелі больш за 40 тыс. гледачоў.

Заснавальнікамі форуму выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, упраўленне культуры аблвыканкама, Магілёўскі абласны драматычны тэатр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі