Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 лістапада 2016, 12:02

На нацыянальны адбор "Еўрабачання-2017" падалі заяўкі з Беларусі, Расіі, краін Балтыі

23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На нацыянальны адбор конкурсу песні "Еўрабачанне-2017" падалі заяўкі з Беларусі, Расіі, краін Балтыі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Медыяхолдынг, які арганізуе і праводзіць адбор, а таксама займаецца падрыхтоўкай беларускіх удзельнікаў дарослага і дзіцячага конкурсаў "Еўрабачанне" як член Еўрапейскага вяшчальнага саюза, вядзе падлік заявак. Цяпер іх колькасць не называецца, паколькі лічба не будзе поўнай, таму што апошні дзень прыёму заявак быў 22 лістапада. Паштовыя адпраўленні з гэтай даты на штэмпелі чакаюць у Белтэлерадыёкампаніі яшчэ на працягу двух-трох дзён, адзначылі ў прэс-службе.

Але ўжо сёння ў медыяхолдынгу адзначылі актыўнасць патэнцыяльных удзельнікаў адбору, геаграфія якога выходзіць за межы Беларусі. Ёсць сярод конкурсных матэрыялаў, якія паступілі, заяўкі артыстаў з Расіі, краін Балтыі. Вялікае прадстаўніцтва беларускіх выканаўцаў, і гэта як музыканты, якія ўжо заявілі пра сябе, так і тыя, хто толькі рыхтуецца да прарыву на эстрадзе. Акрамя індывідуальных заявак, паступілі прапановы ад музычных калектываў. У прэс-службе дадалі, што свае заяўкі прадставілі маладыя беларускія артысткі, чые імёны ўжо вядомы на сцэне, Каця Рудніцкая і Анжаліка Пушнова. Заяўка ж ад расійскага прадзюсара Макса Фадзеева, аб якой пісалі некаторыя інфармацыйныя крыніцы, у адрас Белтэлерадыёкампаніі на гэты момант не паступала.

Як паведамлялася, адкрытае праслухоўванне прэтэндэнтаў нацыянальнага адбору міжнароднага конкурсу "Еўрабачанне-2017" адбудзецца ў Белтэлерадыёкампаніі 30 лістапада. Да праслухоўвання будуць дапушчаны ўсе прэтэндэнты, чые заяўкі аформлены як таго патрабуюць умовы.

Афіцыйны сайт Белтэлерадыёкампаніі tvr.by па традыцыі будзе весці анлайн-трансляцыю праслухоўвання. Яно пройдзе ў рэжыме жывога гуку ў суправаджэнні музыкі і (або) фанаграмы, запісанай без вакалаў любога віду або нейкіх вакальных імітацый.

Прафесійнае журы назаве не больш як 15 фіналістаў, імёны якіх стануць вядомы ў дзень праслухоўвання.

Фінал адбору пройдзе не пазней як 25 студзеня ў фармаце тэлевізійнага канцэрта. Удзельнік фіналу, які набраў найбольшую колькасць балаў па выніках галасавання прафесійнага журы і галасавання гледачоў, аб'яўляецца пераможцам праекта і становіцца афіцыйным прадстаўніком Беларусі на міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2017" у Кіеве (Украіна).

Арганізатарам нацыянальнага адборачнага тура з'яўляецца Белтэлерадыёкампанія. Адбор праводзіцца ў адпаведнасці з палажэннем, распрацаваным арганізатарам, і правіламі, якія ўстанаўліваюцца Еўрапейскім вяшчальным саюзам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі