Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 красавіка 2019, 15:53

На Нацыянальную літаратурную прэмію пададзены высокапрафесійныя творы - старшыня журы

17 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На Нацыянальную літаратурную прэмію пададзены высокапрафесійныя творы, таму журы чакае напружаная, але ганаровая работа. Аб гэтым заявіў сёння журналістам старшыня журы конкурсу, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Іван Саверчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларусь - гэта нацыя талентаў, інтэлектуалаў, асветнікаў, нацэленых на духоўнасць людзей. Таму нядзіўна, што на конкурс "Нацыянальная літаратурная прэмія" пададзена 75 заявак. Міністэрствам інфармацыі створаны ўсе ўмовы для справядлівага правядзення конкурсу. Важны і фінансавы складнік - грашовая ўзнагарода, таму людзі смела ўдзельнічаюць і падаюць высокапрафесійныя творы", - адзначыў старшыня журы.

Паводле яго слоў, важная таксама інфармацыйная і іміджавая падтрымка, якая аказваецца пераможцам конкурсу. "У гэтым годзе пададзены моцныя творы, журы будзе няпроста вызначыцца з пераможцамі. Ацэньваць будзем змест, мастацкі ўзровень, але не менш важная грамадская каштоўнасць, выхаваўчае значэнне", - сказаў Іван Саверчанка.

Нацыянальная літаратурная прэмія - гэта канкрэтнае ўвасабленне сацыяльнай палітыкі дзяржавы, праяўленне клопату аб культуры і літаратуры, падкрэсліў старшыня журы. "Літаратура ж кансалідуе нацыю, выступае гарантыяй нашай незалежнасці і суверэнітэту. Літаратура адлюстроўвае духоўныя, інтэлектуальныя і філасофскія пошукі нашых перадавых пісьменнікаў і мысліцеляў, пры гэтым выконвае місію дыпламата, таму што праз літаратуру замежныя грамадзяне даведваюцца пра нашу краіну", - адзначыў ён.

Нацыянальная літаратурная прэмія праводзіцца па сямі намінацыях: "Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі", "Лепшы твор прозы", "Лепшы твор драматургіі", "Лепшы твор публіцыстыкі", "Лепшы дэбют" (першая публікацыя або выданне аўтара ў жанрах паэзіі, прозы, публіцыстыкі), "Лепшы твор для дзяцей і юнацтва", "Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства". Дыпломы, прызы - сімвалы конкурсу і грашовыя прэміі будуць уручаны выданням, што ўбачылі свет з 1 студзеня па 31 снежня 2018 года.

Вынікі будуць аб'яўлены не пазней за 6 жніўня. Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца ў час святкавання Дня беларускага пісьменства ў Слоніме Гродзенскай вобласці. Уладальнікам Нацыянальнай літаратурнай прэміі будуць уручаны грашовыя ўзнагароды ў памеры 100 БВ і толькі ў намінацыі "Лепшы дэбют" - 50 БВ (1 БВ - Br25,5).

Нацыянальная літаратурная прэмія зацверджана ў 2015 годзе. Цяпер гэты рэспубліканскі конкурс мае свой сайт litpremia.by, на якім апублікаваны творы, што прэтэндуюць на прэмію, а таксама вынікі папярэдніх конкурсаў. Арганізатарамі конкурсу з'яўляюцца міністэрствы інфармацыі, культуры, адукацыі і грамадскае аб'яднанне "Саюз пісьменнікаў Беларусі".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі