Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
15 студзеня 2018, 14:10

Музычны тэатр адзначыць дзень нараджэння канцэртам "Залаты россып аперэты" 17 студзеня

15 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр адзначыць дзень нараджэння 17 студзеня арыгінальнай канцэртнай праграмай "Залаты россып аперэты", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў тэатры.

Аўтарам ідэі творчага праекта выступіў мастацкі кіраўнік тэатра, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь Адам Мурзіч. Першае аддзяленне канцэрта складуць лепшыя вакальныя нумары класічнай аперэты, другое - найбольш цікавыя і эфектныя нумары савецкай аперэты. Усе вядучыя нумары выканаюць маладыя артысты тэатра. Паводле слоў мастацкага кіраўніка тэатра, "Залаты россып аперэты" - гэта зусім новая канцэртная праграма для цяперашняга складу выканаўцаў тэатра. Калі аперэты, асобныя нумары з якіх уключаны ў канцэрт, і былі пастаўлены на сцэне тэатра, то выконваліся прадстаўнікамі іншага пакалення артыстаў.

У "Залатым россыпе аперэты" будзе задзейнічаны ўвесь творчы калектыў тэатра: артысты-вакалісты, дзве харэаграфічныя трупы - класічны балет і балет аперэты і мюзікла, хор, аркестр. З артыстамі працуюць галоўны рэжысёр, заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі Міхаіл Кавальчык, рэжысёры-пастаноўшчыкі Ганна Маторная і Валерыя Чыгілейчык, а таксама рэжысёр, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Зінаіда Вяржбіцкая.

У канцэрце прагучаць лепшыя вакальныя нумары з аперэт "Перыкола" Ж.Афенбаха; "Карневільскія званы" Р.Планкета; "Прадавец птушак" і "Марцін-рудакоп" К.Цэлера; "Вясёлая ўдава" і "Цыганскае каханне" Ф.Легара; "Баядэра", "Графіня Марыца" і "Фіялка Манмартра" І.Кальмана; "Халопка" М.Стрэльнікава; "Вольны вецер" і "Белая акацыя" І.Дунаеўскага; "Вяселле з генералам" Я.Пцічкіна, "Цырк запальвае агні" і "Пацалунак Чаніты" Ю.Мілюціна, "Рускі сакрэт" У.Дзмітрыева і многія іншыя.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі