Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
26 студзеня 2018, 17:06

Музей Беларускага Палесся арганізуе серыю выстаў аднаго экспаната

26 студзеня, Брэст /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. Музей Беларускага Палесся ў Пінску арганізуе серыю выстаў аднаго экспаната ў 2018 годзе, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА загадчык навукова-асветніцкага аддзела музея Валерый Кобрынец.

Праект называецца "За кулісамі музея". "Фонды музея багатыя - толькі ў асноўным фондзе налічваецца больш за 70 тыс. прадметаў. Ёсць рэчы ўнікальныя, некаторыя захаваліся ў адзіным экзэмпляры на тэрыторыі Беларусі. Таму і нарадзілася ідэя паказаць гэтыя прадметы як жыхарам Пінска, так і гасцям горада, - растлумачыў загадчык аддзела музея. - У гэтым годзе пройдзе серыя выстаў аднаго экспаната. Яны будуць кароткатэрміновыя, не больш за тыдзень".

Першая такая выстава адкрыецца ў зале гарадскога побыту музея ўжо сёння. Аж да 31 студзеня наведвальнікам прадставіцца рэдкая магчымасць убачыць адзіны захаваны на тэрыторыі Беларусі экзэмпляр помніка юрыдычнай думкі Заходняй Еўропы, Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай XIII-XVI стагоддзяў. Размова ідзе пра прававы зборнік са зборам двух законаў - Саксонскага зярцала і Магдэбургскага права. Кніга была надрукавана ў Львове ў 1581 годзе Паўлам Шчэрбічам. Цікава, што менавіта ў студзені таго ж года Пінск атрымаў грамату на самакіраванне.

Не менш цікавая і гісторыя з'яўлення гэтага экспаната. У фонды музея кніга паступіла амаль 50 гадоў таму. Яна была знойдзена ў царкве вёскі Кашавічы Пінскага раёна, куды яе раней прынёс жыхар вёскі Ахова. Здатчыку заплацілі 8 рублёў. Спецыяльная камісія прызнала, што прадмет уяўляе сабой вялікую гістарычную каштоўнасць. Старадаўні фаліянт у скураной вокладцы, выкананы гатычным шрыфтам, нядрэнна захаваўся: крыху пашкоджаны пачатак зборніка, адсутнічае першая ілюстрацыя, прысвечаная Саксонскаму зярцалу. Фактычна гэта будзе прэм'ера кнігі як экспаната.

Плануецца, што ў гэтым годзе ў галоўным пінскім музеі адбудзецца не менш за чатыры выставы аднаго экспаната. У наступным годзе праект "За кулісамі музея" плануецца прадоўжыць, але ўжо ў новым фармаце.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі