Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
25 красавіка 2018, 18:32

Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні пройдуць у Мінску пад знакам 400-годдзя першага "Буквара"

25 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ХІV Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні пройдуць у Мінску пад знакам 400-годдзя першага "Буквара", паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Адкрыццё чытанняў адбудзецца 26 красавіка. Тэма 400-годдзя першага выдання "Буквара" - далёка не адзіная на цяперашніх чытаннях, але вельмі важная. Тэматычнае поле канферэнцыі вызначаецца разнастайнасцю, нязменнай цікавасцю да кніжнай культуры Беларусі і асэнсавання яе феномена ў сусветным кантэксце. У час навуковага мерапрыемства адбудуцца пленарнае пасяджэнне, шэсць секцый, майстар-клас, у якіх прымуць удзел даследчыкі з Азербайджана, Беларусі, Вялікабрытаніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны.

Арганізатары канферэнцыі - Міністэрства культуры Беларусі і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Суарганізатарамі выступаюць Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка і Нацыянальны інстытут адукацыі. Партнёры - праект Еўрапейскага саюза MOST і Польскі інстытут у Мінску.

У гэты ж дзень адбудзецца вернісаж міжнароднай выстаўкі "Буквары народаў свету". Пачнецца ўрачыстасць адкрыццём галоўнага сімвала юбілейных падзей - двухметровага аб'ёмнага "Буквара". Ён увасабляе важкасць і каштоўнасць унікальнага выдання, якое закладае асновы культуры і з'яўляецца пачаткам на шляху асваення ведаў.

Экспазіцыя паказвае разнастайнасць варыяцый першай кнігі для навучання пісьменнасці ў розных краінах. Упершыню ў Беларусі будзе прадстаўлена каля 1 тыс. 400 буквароў на 587 мовах.

Аснова экспазіцыі - унікальная прыватная калекцыя буквароў і азбук латвійскага педагога, аўтара буквароў і кніг пра народы свету, калекцыянера Юрыса Цыбульса. Асаблівае месца займаюць беларускія кнігі XVI-ХХІ стагоддзяў для навучання пісьменнасці з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Выстаўка арганізавана пры ўдзеле пасольства Латвіі ў Беларусі, пасольства Беларусі ў Латвіі, праекта мабільнасці Еўрапейскага саюза MOST. Яна будзе працаваць у Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі да сярэдзіны верасня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі