Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
29 студзеня 2018, 13:06

Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш пройдзе з 28 лютага па 4 сакавіка

29 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зменены на больш познія тэрміны правядзення XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, яна пройдзе з 28 лютага па 4 сакавіка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве інфармацыі Беларусі.

Галоўнай тэмай XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу вызначана тэма "Беларусь - культурная пляцоўка Еўропы".

"Гістарычна склалася так, што Беларусь з'яўляецца гасціннай краінай, дзе можна азнаёміцца з культурай, звычаямі многіх народаў. У нас дружна жывуць прадстаўнікі многіх нацыянальнасцей, іх культурная разнастайнасць служыць узаемнаму ўзбагачэнню. Такая ж дзяржаўная палітыка праводзіцца і ў адносінах да народаў іншых дзяржаў, для якіх наша краіна стала прыкладам міралюбнасці, талерантнасці, міжнацыянальнага братэрства", - адзначылі ў ведамстве.

Краіна - пачэсны госць XXV Мінскай МКВК - Сербія. Цэнтральны экспанент - Казахстан. Пачэснымі гасцямі выстаўкі ў розныя гады выступалі Расія, Украіна, Ізраіль, Казахстан, Францыя, Германія, Венесуэла, Кітай, Арменія, Вялікабрытанія.

У праграме ўдзелу пачэснага госця запланавана выстаўка Нацыянальнай бібліятэкі Сербіі "Сербская літаратура ў Першай сусветнай вайне". Пройдуць творчыя сустрэчы з вядомым сербскім празаікам Горанам Петравічам, Даянай Лазарэвіч - перакладчыцай на сербскую мову зборніка Максіма Багдановіча "Вянок", а таксама сербска-беларуская літаратурная сустрэча "Творчы і навуковы тандэм: Іван Чарота і Драган Лакічавіч".

Будуць арганізаваны прэзентацыі выдадзенага ў Беларусі зборніка сучаснай сербскай паэзіі, кнігі Невены Віташэвіч-Чэкліч "Чырвоныя кветкі Косава поля", кнігі "Беларусы пра Сербію і Югаславію", перакладу на рускую мову твораў св. Савы Сербскага "Студенички типик" і "Жыціе св. Сіменона", падборкі беларускай паэзіі ў сербскім часопісе "Повелья" і сербскіх выпускаў часопісаў "Маладосць", "Полымя", "Нёман" і газеты "Літаратура і мастацтва". У Доме дружбы пройдзе вечар, прысвечаны сербскай літаратуры.

Таксама чакаецца шырокі ўдзел у выстаўцы кнігавыдаўцоў з Расіі (экспазіцыі "Выдавецкія праграмы ўрада Масквы" і "Санкт-Пецярбургскі міжнародны кніжны салон"), Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Знакавым мерапрыемствам выстаўкі стане прэзентацыя "Энцыклапедыі Кітая" на беларускай мове. Праект рэалізаваны ў адпаведнасці з мемарандумам аб супрацоўніцтве паміж Мінінфармам Беларусі і Галоўным дзяржупраўленнем па справах прэсы, выдавецтваў, радыёвяшчання, кінематаграфіі і тэлебачання КНР.

Камітэт па друку і ўзаемадзеянні са СМІ ўрада Санкт-Пецярбурга прадставіць у Мінску музычна-літаратурны вечар, прысвечаны 315-годдзю з дня заснавання горада на Няве і сумесным расійска-беларускім кніжным праектам.

У дні выстаўкі пройдзе IV Міжнародны сімпозіум літаратараў "Пісьменнік і час". Сваю згоду на ўдзел у сімпозіуме пацвердзілі пісьменнікі больш як 20 краін.

На выстаўцы адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу маладых літаратараў "Першацвет". Творчасці маладых аўтараў будзе прысвечана і прэзентацыя зборніка "Першацвет", выпушчанага па выніках конкурсу, а таксама кнігі маладога аўтара Станіславы Умец "Сэрца Сакра: фэнтэзі", якая адкрыла новую серыю выдавецтва "Мастацкая літаратура" "Час XXI".

На нацыянальным стэндзе Беларусі ў дні работы выстаўкі будуць арганізаваны шматлікія сустрэчы з аўтарамі, выдаўцамі, мастакамі, прэзентацыі новых кніг, круглыя сталы, аўтограф-сесіі. Тут жа пройдзе ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў 57-га Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі".

Выстаўка пройдзе ў адміністрацыйным комплексе па праспекце Пераможцаў, 14. Уваход свабодны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі