Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 мая 2017, 19:57

Маршрут па падземных галерэях стагадовага форта адкрыўся пад Гроднам

22 мая, Гродна /Сяргей Гаўрыцкі - БЕЛТА/. Пад Гроднам адкрылі ўнікальную музейную экспазіцыю, з экскурсіяй можна наведаць падземныя галерэі стагадовага форта, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У Гродзенскім раёне для турыстаў адкрыўся самы вядомы - IV форт Гродзенскай крэпасці, адзіны (з 13 фартыфікацыйных збудаванняў) поўнасцю захаваны да нашых дзён. Форт пабудаваны ў 1914 годзе, а ўжо ў жніўні-верасні 1915 года яго гарнізон прыняў на сябе ўдар германскай арміі.

У сярэдзіне форта абстаноўка максімальна набліжана да тых часоў. Нягледзячы на тое, што ён выкарыстоўваўся ў якасці закансерваванага каманднага пункта да 1970-х гадоў, для турыстаў аднавілі атмасферу стагадовай даўнасці. На экскурсію па 150-метровым падземным маршруце наведвальнікі выходзяць у касках і з моцнымі ліхтарамі.

"Адкрыццё новага аб'екта - чарговы крок у рэалізацыі канцэпцыі музеефікацыі. Ён, упэўнены, будзе прывабным як для турыстаў з Беларусі, так і для іншаземцаў, паколькі форт уваходзіць у тэрыторыю бязвізавай зоны", - сказаў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч. Ён падкрэсліў, што такія аб'екты павышаюць прывабнасць рэгіёна для замежных турыстаў. Правам без візы наведаць Гродна і навакольную мясцовасць з кастрычніка 2016 года ўжо скарысталіся больш за 14,5 тыс. іншаземцаў.

У Гродзенскай вобласці дзейнічае 18 музеяў і больш за 300 музейных экспазіцый. Канцэпцыя прадугледжвае на працягу 2017-2018 гадоў адкрыццё больш як 60 новых музеяў і музейных экспазіцый. "Усё гэта будзе садзейнічаць не толькі прыцягненню турыстаў, але і дапаможа нам у адукацыі, дапаможа заняць дзяцей, зацікавіць, паказаць ім гісторыю на цікавых прыкладах, выхаваць у патрыятычным плане", - падкрэсліў Віктар Лісковіч. У Гродзенскай вобласці толькі за красавік школьнікі пабывалі на 3 тыс. экскурсій.

Дзеці сталі аднымі з першых наведвальнікаў і адкрытага для турыстаў IV форта Гродзенскай крэпасці. Як расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага райвыканкама Наталля Рамановіч, форт будзе даступны для турыстаў круглы год, наведваць яго можна па папярэдніх заяўках. Пры жаданні для гасцей будзе арганізавана анімацыйная праграма. Зацікавіліся новым аб'ектам на турыстычнай карце і фірмы, занятыя ў сферы паслуг і працуючыя ў тым ліку з іншаземцамі. Яна адзначыла, што гэта толькі першы крок у стварэнні на месцы форта паўнацэннага турыстычнага аб'екта. У планах адкрыццё музейнага пакоя, пашырэнне анімацыйных праграм.

Напярэдадні Першай сусветнай вайны вакол Гродна на адлегласці амаль 10 км было пабудавана 13 фартоў. Большасць з іх у час той вайны былі ўзарваны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі