Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 снежня 2018, 18:03

Магілёўскі драмтэатр уступіў у лігу тэатраў "Шаўковы шлях"

4 снежня, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Магілёўскі абласны драматычны тэатр стаў ганаровым членам міжнароднай лігі тэатраў "Шаўковы шлях", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове культуры.

Афіцыйнае ўступленне ў тэатральную супольнасць адбылося ў час другой штогадовай канферэнцыі лігі тэатраў у кітайскім Гуанчжоу, у якой прыняў удзел галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Саўлюс Варнас.

"Уступленне ў гэту прэстыжную арганізацыю дасць магчымасць значна актывізаваць міжнароднае супрацоўніцтва для рэалізацыі розных сумесных праектаў у галіне культуры і мастацтва, - адзначылі ў тэатры. - У прыватнасці, членства ў лізе дасць магчымасць трупе ўдзельнічаць у яе праграмах, праходзіць навучанне і быць задзейнічанай у майстар-класах, абменьвацца гастролямі з замежнымі калектывамі".

Першыя крокі ў гэтым напрамку ўжо зроблены: у чэрвені бягучага года Магілёў з гастролямі наведала Шэньчжэньская тэатральная трупа кітайскіх опер, якая прадставіла на сцэне драматычнага тэатра ўнікальныя ўзоры нацыянальнага культурнага здабытку Кітая - оперу традыцыйных жанраў. Арганізатарам гастролей стаў Кітайскі культурны цэнтр у Мінску.

Заяўку аб уступленні ў лігу тэатраў "Шаўковы шлях" тэатр падаў яшчэ ў мінулым годзе. Раней у гэту арганізацыю ўступілі Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы і Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі