Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
16 лістапада 2017, 16:38

Конкурс "Чалавек года ў сферы культуры" аб'яўлены ў Беларусі

16 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліканскі конкурс "Чалавек года ў сферы культуры" аб'яўлены ў Беларусі. Парадак яго правядзення размешчаны на афіцыйным сайце Міністэрства культуры Беларусі, паведамляе БЕЛТА.

Конкурс праводзіцца па намінацыях "Архітэктура і рэстаўрацыя", "Выяўленчае мастацтва", "Манументальнае мастацтва", "Тэатральнае мастацтва", "Музычнае мастацтва", "Харэаграфічнае мастацтва", "Эстраднае мастацтва", "Цыркавое мастацтва", "Кінавідэамастацтва", "Захаванне гісторыка-культурнай спадчына", "Музейная дзейнасць", "Бібліятэчная дзейнасць", "Клубная дзейнасць", "Народная творчасць", "Народная дэкаратыўна-прыкладная творчасць", "Педагагічная работа з творчай моладдзю", "Асвятленне пытанняў культуры ў сродках масавай інфармацыі".

У конкурсе могуць удзельнічаць грамадзяне Беларусі - работнікі сферы культуры, устаноў адукацыі ў сферы культуры, супрацоўнікі СМІ (у намінацыі "Асвятленне пытанняў культуры ў сродках масавай інфармацыі"), праектных і падрадных арганізацый (у намінацыі "Архітэктура і рэстаўрацыя"), члены грамадскіх аб'яднанняў, у тым ліку творчых саюзаў.

Крытэрыямі ацэнкі дасягненняў удзельнікаў у намінацыях "Архітэктура і рэстаўрацыя", "Выяўленчае мастацтва", "Манументальнае мастацтва", "Тэатральнае мастацтва", "Музычнае мастацтва", "Харэаграфічнае мастацтва", "Эстраднае мастацтва", "Цыркавое мастацтва", "Кінавідэамастацтва" вызначаны мастацкі ўзровень вынікаў творчай дзейнасці ўдзельніка конкурсу, грамадскі рэзананс вынікаў дзейнасці, у тым ліку поспехі на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах, узнагароды і прэміі, водзывы ў прэсе, прафесійныя і маральныя якасці ўдзельнікаў.

У намінацыі "Захаванне гісторыка-культурнай спадчыны" разглядаецца дзейнасць па захаванні, папулярызацыі і адраджэнні аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, вынікі якой маюць канкрэтныя дасягненні, выкананне навукова-даследчых работ, якія далі магчымасць адкрыць раней невядомыя звесткі аб адметнай духоўнай, мастацкай і дакументальнай вартасці гісторыка-культурнай каштоўнасці; прафесіяналізм, сістэмнасць і перспектыва развіцця дзейнасці па захаванні, папулярызацыі і адраджэнні аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, сацыяльны эфект і водзывы СМІ; значнасць месца аб'екта ў духоўным жыцці грамадства, уключэнне яго ў сацыякультурны абарот, экскурсійная даступнасць і турыстычная прывабнасць аб'екта.

Крытэрыямі ў намінацыях "Народная творчасць", "Народная дэкаратыўна-прыкладная творчасць" названы мастацкі ўзровень і грамадскі рэзананс вынікаў дзейнасці ўдзельніка; арыгінальнасць выкарыстання нацыянальных мастацкіх традыцый; значнасць рэалізуемых культурных праектаў у напрамку адраджэння, захавання традыцый і развіцця сучасных напрамкаў мастацкай творчасці; удзел у міжнародных, рэспубліканскіх конкурсах, фестывалях, работа ў складзе журы, экспертных камісій.

Для намінацый "Музейная дзейнасць", "Бібліятэчная дзейнасць", "Клубная дзейнасць" крытэрыямі служаць прафесійнае майстэрства, дасягненні, наватарства; праведзеныя новыя значныя акцыі; удзел у міжнародных і рэспубліканскіх форумах, работа ў складзе журы.

У намінацыі "Педагагічная работа з творчай моладдзю" ўлічваецца прымяненне эфектыўных форм дзейнасці па падтрымцы таленавітай моладзі; эфектыўнасць у падрыхтоўцы пераможцаў міжнародных конкурсаў, алімпіяд; узровень прафесійнага майстэрства і дасягненняў педагагічных работнікаў; актуальнасць і адпаведнасць вопыту педагагічнай дзейнасці сучасным тэндэнцыям развіцця адукацыі, дасягненне высокіх паказчыкаў у прапагандзе духоўных каштоўнасцей.

Для намінацыі "Асвятленне пытанняў культуры ў сродках масавай інфармацыі" важныя грамадскае прызнанне, актуальнасць і папулярнасць аўтарскіх публікацый па пытаннях культурнага жыцця краіны; паўната і рознабаковасць асвятлення культурных падзей; майстэрства падачы матэрыялу; аб'ектыўнасць і дакладнасць выкладзеных фактаў; аб'ём друкаванага матэрыялу, вядзенне пастаянных рубрык; колькасць водзываў на апублікаваныя матэрыялы і інш.

Вылучэнне кандыдатур удзельнікаў конкурсу прапануецца праводзіць у калектывах да 31 снежня, тэрмін падачы заявак у Міністэрства культуры - з 2 па 15 студзеня 2018 года. Вынікі конкурсу журы падвядзе з 16 па 25 студзеня. Аб'яўленне імёнаў пераможцаў і ўзнагароджванне адбудзецца да 28 лютага.

Пераможцам конкурсу на ўрачыстай цырымоніі будуць уручаны спецыяльныя дыпломы і грашовыя прэміі ў памеры 25 базавых велічынь.

Конкурс праводзіцца ў мэтах стымулявання творчай і дзелавой ініцыятывы работнікаў культуры, прапаганды інавацыйных ідэй і перадавога вопыту ў культурнай дзейнасці.

Арганізатарамі конкурсу выступаюць Міністэрства культуры і Міністэрства інфармацыі, абласныя выканаўчыя камітэты, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі