Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
16 лютага 2018, 11:13

Кінастудыя "Беларусьфільм" зменіць стратэгію вытворчасці

16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" зменіць стратэгію вытворчасці. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар студыі Ігар Поршнеў.

Паводле яго слоў, стратэгія вытворчасці фільмаў будзе зменена для павышэння акупнасці. Так, выпускаць буйнабюджэтную карціну на гістарычную, сучасную, патрыятычную тэмы, экранізаваць класіку плануецца не часцей за адзін раз у два гады. Вытворчасць малабюджэтных фільмаў коштам да $500 тыс. (меладрам, сацыяльных драм, камедый, стужак для сямейнага прагляду) плануецца пашырыць, што дасць магчымасць забяспечыць пастаянную прысутнасць карцін у пракаце і павысіць працэнт вяртання ўкладзеных у іх сродкаў. Акрамя таго, кінастудыя мае намер удзельнічаць у вытворчасці тэлесерыялаў, перш за ўсё сумесна з расійскімі кампаніямі, якія супрацоўнічаюць з федэральнымі тэлеканаламі, паколькі продажы гэтым каналам прыносяць найбольшы даход. "Беларусьфільм" таксама будзе актыўна прапрацоўваць магчымасць па рэалізацыі правоў паказу фільмаў на тэрыторыі Украіны і Казахстана. Яшчэ адным важным крокам стане практыка продажу правоў паказу карцін пакетным метадам расійскім рэгіянальным тэлеканалам абмінаючы пасрэднікаў, а таксама рускамоўным тэлеканалам у іншых краінах (Ізраіль, Канада, ЗША, ФРГ, Літва, Латвія, Эстонія). У планах "Беларусьфільма" і выкарыстанне сучасных форм камерцыйнага распаўсюджвання стужак праз інтэрнэт-прагляд па заказе на ўмове аплаты. Так, "Сляды на вадзе" за чатыры месяцы прысутнасці ў інтэрнэце прагледзелі 5 млн гледачоў, карціна атрымлівае добрыя водзывы. Цяпер студыя вядзе перагаворы з шэрагам расійскіх каналаў аб продажы ім стужкі.

"Беларусьфільм" таксама распрацоўвае доўгатэрміновую рэпертуарную стратэгію, якая прадугледжвае дакладнае вызначэнне мэтавай аўдыторыі і плана папулярызацыі карціны, сістэмную работу з новым пакаленнем рэжысёраў, пашырэнне жанрава-тэматычнай разнастайнасці стужак, забеспячэнне сістэмнага падбору партнёраў па вытворчасці тэлефільмаў з мэтай продажу правоў іх паказу федэральным каналам Расіі, а таксама ў Казахстан і Украіну.

Паводле слоў Ігара Поршнева, сцэнарны партфель "Беларусьфільма" мае аб'ём прапаноў да 2020 года. Абноўленая кінастудыя плануе забяспечваць вытворчасць у год не менш як 6 стужак у ігравой форме, да 25 фільмаў неігравых, не менш за 8 карцін у анімацыйнай форме. Па выніках 2017 года кінастудыяй па сацыяльна-творчым заказе было выпушчана пяць фільмаў у ігравой форме, 19 - у неігравой, 9 анімацыйных і адзін камерцыйны.

Гендырэктар таксама дадаў, што абноўленая кінастудыя, рэканструкцыя якой завершана 7 лістапада 2017 года, стала прывабным экскурсійным аб'ектам. За кастрычнік-снежань "Беларусьфільм" наведалі больш за 230 чалавек, колькасць пададзеных заявак на арганізацыю экскурсіі на гэты момант вялікая. Вядзецца работа па стварэнні самастойнага аддзела для гэтай дзейнасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі