Сцяг Субота, 11 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 верасня 2018, 12:02

Кіеўскі тэатр лялек атрымаў Гран-пры "Белай вежы"

17 верасня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Спектакль Кіеўскага акадэмічнага тэатра лялек "Як загінуў Гуска" атрымаў Гран-пры XXIII Міжнароднага тэатральнага фестывалю "Белая вежа". Вынікі форуму былі агучаны на цырымоніі закрыцця, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Трагікамедыя паводле п'есы ўкраінскага класіка Міколы Куліша атрымала большасць галасоў членаў экспертнага савета. У цэнтры апавядання - тэма маленькага чалавека ў віры гістарычных падзей. "Там сышлося ўсё: сцэнаграфія, афармленне, выбар тэмы, яе вырашэнне, сумяшчэнне розных манер гульні, багатая сімволіка, вельмі дакладнае траплянне кожнага акцёра ў вобраз", - растлумачыла рашэнне экспертнага савета тэатральны крытык Надзея Бунцэвіч.

Лаўрэатам фестывалю ў намінацыі "Лепшы спектакль тэатра драмы" стаў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы за спектакль "Рэвізор".

Лепшым спектаклем тэатра лялек крытыкі прызналі "Пансіён "Belvedere" Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. За гэту пастаноўку, а таксама за спектакль "Мой тата - птах" Брэсцкага тэатра лялек Таццяна Нерсісян названа лепшым мастаком "Белай вежы-2018". "Для мяне была поўная нечаканасць убачыць мінскі тэатр лялек. Як мне здалося, гэта быў лепшы спектакль фестывалю, дзеля яго варта прыязджаць у Мінск, у Беларусь і сюды, у Брэст. Гэта пастаноўка з дзіўнымі акцёрамі, маскамі, мастаком. Я проста закахалася ў гэты спектакль", - падзялілася ўражаннем тэатральны крытык з Масквы Кацярына Цімоніна.

Яшчэ адна лялечная пастаноўка - "Гульня часу", сыграная іспанцам Давідам Зуазолам, адзначана дыпломам "Лепшы монаспектакль".

Аўтар лібрэта і пастаноўшчык танцаў у спектаклі "Казанова. Генрыета. Венецыя" Даўгаўпілскага тэатра (Латвія) Ірына Савельева названа лепшым харэографам.

Намінацыі "Лепшы акцёр" і "Лепшая актрыса" экспертны савет вырашыў нікому не прысуджаць.

XXIII Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа" праходзіў з 11 па 16 верасня. Гледачам было прадстаўлена 28 спектакляў ад 25 тэатральных калектываў з 10 краін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі