Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
16 ліпеня 2019, 12:14

Кераміку I-IV стагоддзяў знайшлі на месцы старажытнага гарадзішча пад Верхнядзвінскам

16 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Студэнты-гісторыкі БДУ знайшлі на месцы старажытнага гарадзішча пад Верхнядзвінскам артэфакты I-IV стагоддзяў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Белдзяржуніверсітэта.

Археалагічныя раскопкі вядуцца на гарадзішчы ў вёсцы Цясты Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці. У экспедыцыі прымаюць удзел першакурснікі гістарычнага факультэта БДУ. Раскоп на плошчы 80 кв.м даў магчымасць знайсці прадметы, якія адлюстроўваюць бытавую культуру плямён балтаў. Сярод знаходак рыбалоўныя кручкі, нажы, шылы, сякеры, прасніца, прадметы ўзбраення. Знойдзены таксама ўпрыгажэнні з жалеза і бронзы: бранзалеты, шпількі, бляшкі і інш.

"Велізарная колькасць разнастайнай керамікі. Яна ўся ляпная, але значна адрозніваецца паміж сабой. Частка пасуды належыць да днепра-дзвінскай археалагічнай культуры і датуецца I-IV стагоддзямі н.э. Ёсць у знойдзенай калекцыі і фрагменты позняй керамікі. Пакуль не ўдалося ўстанавіць яе паходжанне і прыналежнасць да канкрэтнага насельніцтва", - расказалі ў прэс-службе. Усяго ў час раскопак знойдзена ўжо каля 5 тыс. артэфактаў.

Экспедыцыя ў Цястах прадоўжыцца да 24 ліпеня. Кіруюць работай першакурснікаў гістарычнага факультэта старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін БДУ Паліна Курловіч, выкладчык той жа кафедры Уладзімір Плавінскі і дацэнт кафедры крыніцазнаўства ВНУ Вольга Ліпніцкая. Археолагі плануюць знайсці печ-дамніцу, жыллё і гаспадарчыя аб'екты. Канкрэтную перыядызацыю знойдзеных артэфактаў дапамогуць устанавіць далейшыя навуковыя даследаванні.

Як адзначылі ў БДУ, гэта гарадзішча даследавалася ў пачатку 1980-х гадоў, з таго часу археалагічныя раскопкі тут не праводзіліся.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі