Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
13 сакавіка 2018, 17:03

Канцэрты адбораў да "Славянскага базару" пакажуць у тэлеэфіры 24 і 25 сакавіка

13 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фінальныя канцэрты нацыянальных адборачных тураў да XXVII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" будуць паказаны 24 і 25 сакавіка ў тэлеэфіры сацыякультурнага канала "Беларусь 3", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Фіналы адборачных тураў да песенных конкурсаў "Славянскага базару ў Віцебску" пройдуць 17 сакавіка ў Маладзёжным тэатры эстрады, дзе будзе весці запіс Белтэлерадыёкампанія.

За права прадставіць Беларусь на буйнейшым музычным форуме будуць спаборнічаць па дзесяць дарослых і юных выканаўцаў з розных куткоў краіны, дапушчаных да ўдзелу арганізатарам конкурсу - Міністэрствам культуры.

У фінале адборачнага тура да XXVII Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2018" выступяць мінчане Настасся Вахомчык (Малашкевіч), Ніна Жукоўская, Вольга Калеснікава, Яўген Курчыч, віцябчанка Настасся Лейкіна, Валерыя Шапялевіч з Магілёва і чатыры прадстаўнікі Мінскай вобласці - Наталля Ламака (Natali Domini), Дзмітрый Нікіцін, Аляксандр Саванец, Вераніка Самускевіч.

Фіналістамі адборачнага тура да XVI Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2018" сталі гамяльчанка Марыя Хасан Альхафез, мінчане Марыя Гулевіч, Ангеліна Ламака і Яраслаў Саколікаў, Арына Пехцерава з Магілёва, прадстаўнікі Мінскай вобласці Алеся Віталс, Біята Кабірава і Лізавета Мея, Анастасія Цімафеевіч (ЦіАна) з Брэсцкай вобласці і Арцём Скароль з Гродзенскай вобласці.

Акрамя фіналістаў на сцэне Тэатра эстрады выступяць вядомыя беларускія артысты і калектывы - заслужаныя артысткі Беларусі Іна Афанасьева і Алёна Ланская, Гюнеш, Макс Лорэнс, балет Тэатра эстрады, Вікторыя Алешка, Вольга Вронская, Аляксандр Сухараў, Ганна Благава, Вольга Змуршчык, ансамблі "Верасы" і "Заранак", група "PROвакацыя".

Фінал нацыянальнага адборачнага тура да дарослага песеннага конкурсу "Віцебск-2018" тэлеканал "Беларусь 3" пакажа 24 сакавіка ў 14.50. Тэлеверсію дзіцячага адбору на міжнародны музычны форум гледачы ўбачаць 25 сакавіка ў 14.00.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі