Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 студзеня 2017, 19:38

Канцэрт фіналістаў радыёконкурсу "Маладыя таленты Беларусі" выйдзе ў тэлеэфір 21 студзеня

17 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канцэрт фіналістаў радыёконкурсу "Маладыя таленты Беларусі" пры ўдзеле сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі выйдзе ў тэлеэфір 21 студзеня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Генеральны прадзюсарскі цэнтр медыяхолдынга правёў запіс канцэрта фіналістаў VI Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу "Маладыя таленты Беларусі". Тэлевізійную версію канцэрта - сумеснага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і тэлеканала "Беларусь 3" - гледачы ўбачаць 21 студзеня ў 13.55 і 23 студзеня ў 18.40 у эфіры сацыякультурнага канала. Акрамя таго, рэжысёрскую версію канцэрта з усім запісаным у ходзе здымак матэрыялам можна будзе ўбачыць на YouTube канале "Беларусь 3".

У самай вялікай і абсталяванай па апошнім слове тэхнікі студыі медыяхолдынга "600 метраў" пераможцы і прызёры конкурсу атрымалі магчымасць выступіць разам з сімфанічным аркестрам Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора Вячаслава Чарнуха-Воліча.

"Выступіць у суправаджэнні сімфанічнага аркестра - вялікі гонар і нават раскоша для любога музыканта, тым больш для пачаткоўца.Далёка не кожны конкурс прадастаўляе такую магчымасць, таму што гэта нятаннае і клапотнае мерапрыемства. Нашы юныя артысты адначасова адчувалі вялікую адказнасць, гонар і хваляванне, выходзячы на сцэну з такім сур'ёзным калектывам. Нягледзячы на гэта, канцэрт атрымаўся цудоўны, і гледачы абавязкова атрымаюць задавальненне ад прагляду", - упэўнены аўтар праекта "Маладыя таленты Беларусі" Таццяна Якушава.

Гледачы канала "Беларусь 3" змогуць атрымаць асалоду ад класікі ў выкананні маладых талентаў і аркестра медыяхолдынга. Так, 15-гадовы ўладальнік Гран-пры конкурсу Уладзіслаў Хандогі выканае "Канцэрт нумар 2 для фартэпіяна з аркестрам" Сяргея Рахманінава. Сімфанічны аркестр таксама падтрымае прызёраў конкурсу ў розных узроставых групах. Напрыклад, Мікіта Курловіч будзе саліраваць у аркестры на домры, Лізавета Вільчык дакажа, што віртуозна валодае флейтай, Дар'я Пракапенка - гітарай, Аліса Фаміч - фартэпіяна, а Вікторыя Татур і Ганна Лоб - цымбаламі.

Многія маладыя выканаўцы класічнай музыкі выступяць сольна, як і лаўрэаты ў намінацыі "Эстрадны вакал", дзе ўладальнікам Гран-пры стала 14-гадовая Зіна Купрыяновіч, якая ў тэлеверсіі канцэрта выканае песню "Анёл мой". Акрамя салістаў, у гэтай намінацыі выступяць вакальныя ансамблі "Скарбонкі" з Магілёва і "Молоко" з Мінска.

Мінулы Год культуры натхніў многіх юных выканаўцаў на ўдзел у радыёконкурсе з народнай песняй. А перамагла ў намінацыі "Спадчына" Патрыцыя Свіціна, якая выканае песню "Даліна шырокая". Акрамя салістаў-народнікаў канцэрт упрыгожаць выступленні сталічнага ўзорнага ансамбля "Валошкі", вакальнага ансамбля "Рэха" з Ельска і фальклорнага ансамбля "Праменьчык" з Мінска.

Розныя гады лаўрэатамі і прызёрамі папулярнага радыёконкурсу "Маладыя таленты Беларусі" станавіліся Алёна Ланская, Юрый Дземідовіч, Раман Валазнёў, Дзіяна Громава, Лідзія Заблоцкая, Надзея Місякова, Аляксандр Мінёнак і іншыя.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі