Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 красавіка 2017, 17:14

Каментарыі другога паўфіналу "Еўрабачання-2017" на нацыянальных тэлеканалах будуць гучаць па-беларуску

27 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каментарыі другога паўфіналу "Еўрабачання-2017", у якім выступіць афіцыйны прадстаўнік Беларусі група NaviBand, будуць гучаць па-беларуску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Прамую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу традыцыйна будуць весці тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі: "Беларусь 1" і міжнародны спадарожнікавы "Беларусь 24", а таксама афіцыйны сайт медыяхолдынга tvr.by.

Каменціраваць галоўнае музычнае тэлевізійнае шоу Еўропы будзе журналіст Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі Яўген Перлін.

Група NaviBand з кампазіцыяй "Гісторыя майго жыцця" выступіць у другім паўфінале пад нумарам 14. Гэты паўфінал 11 мая Яўген Перлін пракаменціруе па-беларуску.

"Слоган конкурсу ў гэтым годзе Celebrate Diversity, таму нам хацелася паказаць свету ў тым ліку разнастайнасць беларускай мовы, паколькі "Еўрабачанне" актыўна глядзяць беларусы ў іншых краінах. Таксама ў час трансляцыі я планую не толькі традыцыйна сачыць за каментарыямі гледачоў у сацыяльных сетках Twitter і Facebook, але і ўпершыню ў Instagram адлюстроўваць тое, што адбываецца ў каментатарскай кабіне ў канкрэтную мінуту", - расказаў Яўген Перлін.

Разам са шматмільённай аўдыторыяй паклоннікаў і адданых фанатаў міжнароднага музычнага форуму ў другім паўфінале і ў фінале прагаласаваць за свайго фаварыта змогуць і беларускія тэлегледачы. У адпаведнасці з правіламі конкурсу гледачы не могуць галасаваць за песню, якая прадстаўляе іх краіну. Рэзультаты галасавання ад Беларусі аб'явіць фіналістка міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2013" Алёна Ланская.

"Другі раз мне выпаў гонар агучыць рэзультаты галасавання ад Беларусі на конкурсе "Еўрабачанне", які стаў для мяне вельмі важнай прыступкай у кар'еры. На жаль, мы не можам усёй краінай падтрымаць NaviBand сваімі галасамі, але будзем перажываць усёй душой за нашу групу ў час іх выступлення", - падзялілася Алёна Ланская.

Даведвацца аб самых важных і цікавых падзеях, якія адбываюцца з групай NaviBand і іх камандай у час конкурсных тыдняў, можна будзе з сюжэтаў Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі, праграмы "Добрай раніцы, Беларусь!", "Дзённікаў Еўрабачання". Акрамя таго, на сайце tvr.by будзе размяшчацца анлайн-дзённік групы NaviBand з Кіева.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі