Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 лістапада 2019, 18:51

Калектыву Вялікага тэатра Беларусі прадстаўлены новы генеральны дырэктар - Аляксандр Пятровіч

5 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр культуры Юрый Бондар прадставіў калектыву Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі новага генеральнага дырэктара. Ім стаў Аляксандр Пятровіч, які раней працаваў на пасадзе дырэктара Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як паведамлялася, з 1 лістапада ранейшы кіраўнік тэатра Уладзімір Грыдзюшка, які працаваў на пасадзе дырэктара з 2009 года, пакінуў сваю пасаду ў сувязі з заканчэннем працоўнага кантракта.

Прымаючы пад увагу тое, што вызваленне ад пасады былога кіраўніка было неадназначна ўспрынята часткай калектыву тэатра, міністр палічыў неабходным падрабязна растлумачыць прычыны, па якіх было прынята рашэнне не прадаўжаць кантракт з Уладзімірам Грыдзюшкам. "Уладзімір Паўлавіч шмат зрабіў для тэатра, асабліва ў перыяд яго аб'яднання і наладжвання паўнацэннай работы пасля рэканструкцыі. Разам з тым апошнія гады ў рабоце тэатра пачалі накоплівацца застойныя тэндэнцыі", - канстатаваў Юрый Бондар.

Маніторынг дзейнасці Вялікага тэатра ў 2018 годзе і ў бягучым паказаў нізкую эфектыўнасць выдзяляемых тэатру бюджэтных сродкаў. Паводле даных Мінкульта, Вялікі тэатр знаходзіцца на апошнім месцы сярод рэспубліканскіх тэатраў па паказчыку ўдзельнай вагі ўласных даходаў у агульным аб'ёме даходаў - 32 працэнты. У лідара па гэтым паказчыку - Тэатра-студыі кінаакцёра - 51,7 працэнта, Маладзёжнага тэатра эстрады - 47,5 працэнта. Паводле яго слоў, у БДАМТ, якім кіраваў Аляксандр Пятровіч, на працягу апошніх 5 гадоў гэты паказчык складае 70 працэнтаў. Атрыманыя даходы даюць магчымасць тэатрам забяспечваць матэрыяльна-тэхнічную базу і падтрымліваць на належным узроўні заработную плату работнікаў.

У Вялікім тэатры аплата працы, як сцвярджае міністр, была высокай толькі ў асобных катэгорый работнікаў.

"Недастатковая эканамічная эфектыўнасць работы тэатра суправаджалася ростам заработнай платы кіраўніцтва", - прадоўжыў ён. Так, заработная плата дырэктара за 2018 год узрасла амаль у 1,5 раза ў параўнанні з узроўнем 2016 года і была ў 4 разы вышэйшая за сярэднюю па тэатры. Гэта датычыцца і ўсяго кіраўніцкага складу ўстановы.

Пры гэтым дзяржава аказвае значную падтрымку Вялікаму тэатру. У бягучым годзе ён атрымае Br13,8 млн, або 40 працэнтаў фінансавання тэатральна-відовішчных арганізацый краіны.

"Вялікі тэатр Беларусі перастаў быць самым наведвальным тэатрам краіны. Па выніках 2018 года ён меў сярэдні паказчык запаўняльнасці залы 82 працэнты, уступаючы Рэспубліканскаму тэатру драматургіі (92 працэнты) і знаходзячыcя на адным узроўні з Маладзёжным тэатрам эстрады (81 працэнт)", - прывёў даныя міністр.

Ён лічыць, што зніжэнне эканамічных паказчыкаў Вялікага тэатра ў многім стала вынікам працяглага непрафесійнага падыходу да фарміравання мастацкай палітыкі тэатра. Доўгі час у Вялікім, адзіным сярод тэатраў рэспубліканскага падпарадкавання, адсутнічала пасада мастацкага кіраўніка, што прывяло да пралікаў у рэпертуарнай палітыцы. Між тым апрабаваная часам практыка, калі падзелены адміністрацыйныя і мастацкія функцыі, паказала сваю эфектыўнасць. "Выбар спектакляў для пастаноўкі дыктаваўся асабістымі амбіцыямі рэжысёраў, а не запатрабаванасцю спектакляў або творчымі магчымасцямі трупы", - падкрэсліў Юрый Бондар. У адным сезоне ў Вялікім тэатры ставіліся, напрыклад, адразу дзве оперы Моцарта.

Значныя сродкі ўкладаліся ў аплату працы замежных рэжысёрска-пастановачных груп на шкоду нацыянальным творчым кадрам. Напрыклад, пры пастаноўцы балета "Каханне і смерць" на аплату працы замежным грамадзянам аддалі 92 працэнты агульнага аб'ёму сродкаў для аплаты працы пастановачнай групы.

"Расходы на запрашэнне замежных спецыялістаў не апраўдваюцца даходамі ад пракату спектакляў", - падкрэсліў міністр. Ён адзначыў, што не супраць запрашэння аўтарытэтных замежных рэжысёрска-пастановачных груп, але праекты павінны мець пад сабой камерцыйную аснову.

Акрамя таго, пры стварэнні новых спектакляў не ўлічваліся магчымасці да гастрольнай дзейнасці, дэкарацыі часта былі вельмі грувасткімі.

Юрый Бондар сярод праблем назваў адсутнасць у тэатры рэзультатыўнай работы з маладымі творчымі кадрамі. Недастаткова ствараецца ўмоў для іх творчага росту.

Усе выяўленыя недахопы былі даведзены да генеральнага дырэктара ў 2018 годзе. У тэатры з'явілася пасада мастацкага кіраўніка, на якую быў назначаны Валянцін Елізар'еў. Ён распрацаваў канцэпцыю развіцця Вялікага тэатра на 2019-2021 гады, якая была адобрана на мастацкім савеце тэатра. Разам з тым канструктыўнага ўзаемадзеяння паміж гендырэктарам і мастацкім кіраўніком так і не наладзілася. "У калектыве пачаўся падзел творчых работнікаў на групы, распаўсюджванне памылковых звестак аб прадастаўленні неабгрунтаваных прывілеяў балету ва ўрон развіццю оперы. Усе гэтыя абставіны прывялі да неабходнасці прыняцця адпаведнага кадравага рашэння", - растлумачыў міністр.

Ён звярнуў увагу, што ў Мінкульце цэняць заслугі Уладзіміра Грыдзюшкі і яму прапанаваны варыянты працаўладкавання.

Гаворачы пра асобу новага генеральнага дырэктара, міністр падкрэсліў яго выдатныя асабістыя і прафесійныя якасці. Аляксандр Пятровіч здолеў у нялёгкі перыяд адрадзіць музычны тэатр, дзе прапрацаваў больш за 9 гадоў, развіць такі важны жанр, як нацыянальны мюзікл, паспяхова арганізаваць гастрольную дзейнасць. "Яго вопыт нам вельмі спатрэбіцца, нараўне з такімі чалавечымі якасцямі, як павага да творчых людзей, адсутнасць ганарыстасці, зацікаўленасць у жыцці ўсіх членаў працоўнага калектыву", - падкрэсліў міністр.

У сваю чаргу Аляксандр Пятровіч паабяцаў прыярытэтную ўвагу ўдзяляць рацыянальнаму выкарыстанню бюджэтных сродкаў, развіццю нацыянальных кадраў у Вялікім тэатры, а таксама дзіцячаму рэпертуару, каб садзейнічаць выхаванню дастойнага маладога пакалення. "Я прыкладу ўсе намаганні, каб працаваць тут і каб нам з вамі было камфортна разам працаваць", - запэўніў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі