Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
08 лютага 2018, 16:23

Калекцыянер з Манака перадасць у дар НММ работы беларускіх майстроў

8 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Работы беларускіх майстроў перадасць у дар Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі калекцыянер з Манака, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў музеі.

Цырымонія перадачы вядомым калекцыянерам, мастацтвазнаўцам, кандыдатам гістарычных навук Георгіем Хацянковым твораў адбудзецца 14 лютага. Сярод іх - работы народнага мастака Беларусі Аляксандра Кішчанкі, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Уладзіміра Слабодчыкава, скульптара Галіны Горавай, жывапісца Аляксея Марачкіна і іншых.

Выстава "Дары музею" прадоўжыцца некалькі дзён: з 14 па 18 лютага. Пасля гэтага экспанаты адправяцца ў адпаведныя аддзелы музейнага фонду, дзе імі зоймуцца навуковыя супрацоўнікі. Пасля ўважлівага вывучэння, атрыбуцыі і пры неабходнасці рэстаўрацыі прадметы будуць дэманстравацца на персанальных і тэматычных выставах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і іншых музеяў.

"Важным фактарам пры фарміраванні паўнацэннай калекцыі, якая шырока прадстаўляе творчасць сучасных беларускіх мастакоў, з'яўляюцца дары саміх мастакоў, спадчыннікаў мастакоў, прыватных калекцыянераў і вядомых арганізацый. Дар Георгія Фёдаравіча Хацянкова - своеасаблівая праява клопату суайчынніка аб беларускіх музеях", - адзначылі ў музеі.

Георгій Хацянкоў нарадзіўся 6 мая 1950 года ў Беларусі. Вучыўся ў Расіі, працаваў журналістам на радыё і тэлебачанні. З 1990-х гадоў займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Збіраць творы мастацтва Георгій Хацянкоў пачаў у 1980-я гады, і паступова калекцыяніраванне стала для яго справай жыцця. Сёння заснаваная Георгіем і Таццянай Хацянковымі галерэя МC Fine Arts у Манака налічвае больш за 5 тыс. жывапісных і графічных твораў, якія належаць пэндзлю амаль 500 мастакоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі