Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 ліпеня 2017, 16:02

Ірына Білык плануе гастрольны тур па Беларусі

17 ліпеня, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Народная артыстка Украіны Ірына Білык не чакала такой любові і ўвагі, якія сустрэла ў Віцебску, і хоча адправіцца ў гастрольны тур па Беларусі. Сваімі планамі яна падзялілася з карэспандэнтам БЕЛТА пасля рэпетыцыі выступлення на ўрачыстым закрыцці форуму мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".

"Для мяне сюрпрызам стаў танцавальны нумар, які быў падрыхтаваны для маёй песні. Думала, што будзе штосьці просценькае, як часта здараецца, калі балеты робяць нумары аператыўна. А аказаўся шыкоўны танец пад мяне, пад мой стыль, вельмі прыгожа. І наогул, спадабалася, што мяне тут усе любяць, пачынаючы з арганізатараў, гукатэхнікаў. Народ - гэта асаблівая размова. Я прывыкла да ўвагі ва Украіне, і вельмі прыемна, што ў Беларусі сустрэла тое ж. Мяне пазнаюць. Напрыклад, учора я была ў кітайскім рэстаране ў Віцебску і цудоўна правяла там час, у выніку падарыла адміністрацыі свой дыск і пакінула запіс у кнізе водгукаў. У Беларусі наогул вельмі і вельмі прыветлівыя людзі", - адзначыла Ірына Білык.

Таксама яе прыцягвае ўсеагульны спакой, які яна адчула ў горадзе. "Не ведаю, як тут не ў святочныя дні. Але за гэтыя 4 дні так спакойна на вуліцы, нават калі натоўп людзей ідзе, адчуваецца святочны кайф", - дадала артыстка.

Адчуваючы ўвагу да сябе, Ірына Білык хоча адправіцца ў гастрольны тур па Беларусі. Фестываль падарыў ёй нямала радасных сустрэч, у тым ліку з народнай артысткай Беларусі Ядвігай Паплаўскай. Менавіта з ёй украінская спявачка і абмеркавала магчымасць арганізацыі туру. "Таксама ўбачылася з любімым вядучым Сярожам Шусціцкім, пацалавала Руслана Аляхно, паабдымаліся", - сказала артыстка.

Ірына Білык выступіць сёння ў гала-канцэрце ўрачыстага закрыцця XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ў Летнім амфітэатры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі