Сцяг Субота, 11 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 лютага 2018, 11:43

Гомельскі маладзёжны тэатр прадставіць прэм'еру "Ляцелі арэлі"

22 лютага, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр прадставіць 16 сакавіка прэм'еру спектакля "Ляцелі арэлі" па аднайменнай п'есе сучаснага беларускага драматурга Канстанціна Сцешыка, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар тэатра Алена Маставенка.

"П'еса "Ляцелі арэлі" была напісана ў 2016 годзе. Гэта будзе яе першая прэзентацыя на падмостках беларускіх тэатраў", - сказала субяседніца, падкрэсліўшы, што твор беларускага драматурга быў адзначаны на міжнародных форумах. Так, у мінулым годзе п'еса ўвайшла ў шорт-лісты конкурсаў сучаснай драматургіі "Першая чытка-2017" (Санкт-Пецярбург) і WriteBox (Мінск), а таксама заняла прызавое месца на міжнародным конкурсе "Рэмарка-2017" (Расія).

Рэжысёрам-пастаноўшчыкам спектакля з'яўляецца Дзяніс Паршын (Мінск). Паводле слоў дырэктара тэатра, "Ляцелі арэлі" - фатальна-іранічная гісторыя. Яе героі - дарослы, але не пасталелы 35-гадовы Стас, які жыве ў ілюзорным свеце, і звычайная 16-гадовая школьніца Ксенія. Сціслы ход падзей пераносіць у свет надзей і тайных перажыванняў галоўных герояў - такіх розных і ў той жа час такіх аднолькавых. Як пазбавіцца ад дзіцячых страхаў? Як навучыцца жыць у рэальным свеце, не падмяняючы яго выдуманай філасофіяй? Як навучыцца любіць жыццё такім, якое яно ёсць? Адказы на гэтыя пытанні героі будуць шукаць разам з гледачамі. У пастаноўцы сплецены экзістэнцыяльныя настроі, іронія і гумар.

Мастацкім афармленнем спектакля займаецца Юрый Саламонаў, музычным - Віталь Багамол. Над гукавымі і відэаэфектамі працуе Гарык Вепшкоўскі, мастак па святле - Сямён Давыдзенка. У спектаклі задзейнічаны акцёры Святлана Жукава, Дзмітрый Попчанка, Валянціна Ільюкевіч, Ліза Астрахава, Сяргей Трухін, Яраслаў Кубліцкі, Віталь Багамол.

Прэм'ерныя паказы адбудуцца таксама 17, 18, 31 сакавіка. Пачатак спектакляў у 19.00.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі